aj - August 5th, 2006 [entries|archive|friends|userinfo]
aj

[ userinfo | ljr userinfo ]
[ archive | journal archive ]

August 5th, 2006

? [Aug. 5th, 2006|06:07 am]
Цяперныя бясконцыя дажджы й агрэсіўныя электрычныя выбухі ў небе настолькі аддаюць восеньню, што забіваюць жоўтыя летнія эмоцыі. Гэтае лета, якому засталося пяць раз па пяць дзён, я напісаў сабе сам і зноў дрыжу й злуюся ад празьмернай ягонай сцэнарнасьці. Абсалютна нічога новага, усё тыя ж знаёмыя постаці й бясконцыя блакітныя вочы, тыя ж самыя механічныя дзеяньні й разьвязкі без deus ex machina. Хоч раз бы што, каб зьдзіўляла бязьмерна й сёманебіла да завоблачнага. Баш, чаго захацеў!
А няўдоўзі прыйдзе восень і высуша мае кракадзілавы, ка-анечне, сьлёзы ды дадасьць бурага вуглю ў топку, дзе я ўсё ніяк не распалюся. Восень гаротная і гарматная. З чарговай белай лебеддзю ў мой стаў. З чарговай эсперансай у ложак, такой жа самай голай і капрызнай. З сонечнымі ці бруднымі сырымі сямьмю гадзінамі раніцы й лісьцем, што падае на зямлю значна больш празаічна, ніж у кінематографе, і ляжыць да вясны непрывабнае й зануднае, як і я сам. А ачародны няцотны чырвоны дзень пройдзе незаўважна да болю і непрыкметна да асалоды. І я буду бегаць за кім-небудзь новым (а новае ў маім жыцьці - заўсёды добра забытае старае) з плёткай з сухога трэсьнягу і біць, біць па голых ікрах. А пад канец, у дзень, калі народзіцца апошні скарпіён, я распалюся эмпатычным каханьнем да мілай дзевачкі ў акулярах, якая плача начыма аб нечым глыбока сваім. Ізноў пралічу, пралячу і забуду да новай вясны.
Днямі раней ў зялёным парку я еў дзікую вішню - горкую і чорную, ад якой пальцы рук былі чорныя ў соку, а ў вушах экстравагантна зьвінела. Цікава, а калі ташчыць у рот кожную ягада ці грыб, што растуць у нашых лясах, ці ўбачу я з божае ласкі божую ласку і сьпяю зрэшты рэшт сваю каронную арыю "Кастрацыя ката"? Хочацца вельмі. А цяпер жа мяне прадказальна пакінулі зусім аднаго, каб я, нанюхаўшыся алейных фарбаў, дрыжаў ад уласнага тупату й бачыў шаснаццаць мільёнаў колераў. Вось які нечаканы... посьпех!
Link9 comments|Leave a comment

navigation
[ viewing | August 5th, 2006 ]
[ go | Previous Day|Next Day ]