| Сплять вжо жолнеры, хлопці-касінеры. |
[Oct. 26th, 2006|12:55 am] |
| [ | Current Music |
| | Kamelot - Sakole | ] | Нештачкі ў вясёлым сьвеце ня так. Не стаяць у стойлах пачэсныя коні, рыбы і птушкі. Улада хавае ад нас самы прыгожы паўсюль вадаспад ды плаціна Вялейскага вадасховішча ніколі ня можа быць зьнішчанай. Сніў у сьне ціхае вясельле, белыя кветкі і сватоў бязь песьні; людзі ціха-ціха падымаліся з-за стала й сыходзілі некуд, самыя блізкія й дарагія людзі. У Крэве бачыў журавоў, што падымаліся над полем і цяжка-цяжка кружылі, чакаючы дазволу генштаба на старт у вырай. Усё нейкія знаменьні (чорт бы яго, самая патасная семіятычная катэгорыя!), якія лёгка паддаюцца трактоўцы, значна лягчэй, чым гаданьне па кніжцы ці дурацкія гараскопы ў "Ва-банку". Наўкол столькі месца, а я адзін. Такая лагодная восеньская самота, калі ўсе чужыя й далёкія. Калі няма каму падаць рукі і крыкнуць на вуха "прывеет!". А я люблю, калі са мой гуляюць у хованкі, таму і не пратэстую, тым больш, што нічога харошага болей не павярнуць. Жыцьцё хоць і робіць сваё кола, але шаша пад ім ужо іншая. Можа й не шаша нават, а прасёлкавая дарога ў далёкія засьценкі. Ай равэна бешэна равэна. Ой равэна бешэна равэна. Месца хопіць усім. І аўтобуснаму маршруту нумар 103 і студэнтам, што забаўляюцца ў позе 69, і 13-аму батальёну СД і 3-м віленскім пакутнікам. Восень пашырае сьвядомасьць і сплюшчвае паветра, у горле балючы ком, і лісьце падае, падае, як біялягічная зброя на В'етнам, як цыгарэтны попел на аксаміт, падае, каб застацца. Лісьце падае і шапочыць: "у 5 стагодзьдзі да рудзтва Хрыстова тут былі лясы а ў лясох не магла паўстаць нармальна прагрэсіўна цывілізацыя зь пісьмовасьцю й колам не магла бо лясы запавольваюць і блытаюць не магла усё гэта бяглузьдзіца усё гэта лішняе не магла бо лясы сыплюць лісьцем і населены пушнінай не маглі тут быць піраміды і пілязопія навукі тут не было і ірыгацыя была ня трэба не магла шапочу нарадзіцца тут ў лесе цывілізацыя цывілізацыі ў лесе не нараджаюцца. - Ты што, а як жа эльфы? - безь цікавасьці адпавядаю я і думаю ці можа цьвярозы здаровы чалавек адказваць лісьцю альбо ветру альбо дажджу. А ці слушна гэта з боку этыкі, а сымптаматыка якая, і перада мной паўстае самая знаёмая карціна самага знаёмага дня, калі ты самотны, але не ў траве, і голас друга, вядома, не заплача, не крыкне і не пазаве. Бо няма каму і няма каго. Карацей, хутка ўжо лета і нешта новае ў кучаравы лоб мяне цалавацьме ды гадавацьме зялёнай травой. Бо такі ў прыроды закон. Бо такі ў мяне загон. |
|
|