aj - February 11th, 2008 [entries|archive|friends|userinfo]
aj

[ userinfo | ljr userinfo ]
[ archive | journal archive ]

February 11th, 2008

Ruthenia Aqua [Feb. 11th, 2008|07:08 am]
[Current Music |Victor Jara - Zamba al Che]

Раней усё было іначай. І мапы былі іншымі, і месяц быў бліжэй. Рака разьлівалася два разы на год, як мае быць. У гарвыканкам выбіралі кароваў ды сьвіней, бо здатных людзей раз на дзень увозіў сталічны дызэль. А я ганяў местам на ровары, пужаў ня здольных да нуменклятурнай працы кураў і пеўняў-таптуноў. Шматочкі сала кідаліся на патэльню, смажыліся, а 7-ы тралейбус хадзіў на газанасосную станцыю.
Потым у меліярацыйных пясках на паўднёвым беразе знайшлі нафту. Маскалі забудавалі горад шматпавярховікамі, а я скончыў інстытут. Не нафтаапрацоўчы, на жаль, а пэдагагічны.
Сіці! - кажаш ты. Які да беса city, калі стомлены клерк, мінуўшы сто паверхаў уніз на ліфце, забягаў у хату, схаваную ў ценю хмарачоса, і набываў у сівой бабулі слоік сэма, дамоў, у сям'ю нафтавікоў.
А ты зацягнула мяне на гэтыя вышыні, усьміхалася ахоўнікам, знала кожную нычку, кожную пажарную лесьвіцу, кожны вентыляцыйны лаз.
Ноччу вырубілі сьвятло і пакінулі нас адных. Тут так высока! Які гэта паверх? Праз люстраное шкло відаць увесь горад, і паходні газавых вышак на поўдні, і вагні суседняга горада на захадзе. Сьвяточныя салюты. На поўначы - малінавае зарава, так сьвеціць сталіца. Цераз многія вёрсты яна вабіць матылькоў, але яны не ляцяць. Цяпер ім хораша і дома, а каровы пасьвяцца на поплавах, як мае быць.
А мы, як мае быць, напіліся. Я зламаў плястыкавую елку, а ты рабіла маленькія прыемныя, але нягодныя рэчы. Тут пусьцей, аніж у часы армагедону. Людзі вясёла пайшлі па дамох.
Я прачнуўся першы. Мы ляжалі на зялёным спальніку каля гіганскага вакна. За гіганскім вакном было калясальнае мора. Ані газавых вышак, ані гарадоў, ані сталіцы. Толькі асобныя дахі суседніх будынін выглядалі з вады там-сям, ды лунаў над хвалямі сярод будаўнічага сьмецьця самотны крыж базылікі.
Герадот казаў, што на гэтым месцы калісьці было мора. Цяпер яно вярнулася, а ты ні на каліва не спужалася. Пацалавала, нібы так мае быць, вярнулася аднекуль сьвежая, умытая, з пляшкай шампаня. А тут так душна, нават маскалі не навучыліся будаваць гаразд. За вакном мора, а мы ўдваіх. Новы год новае эры.
Два тыдні мы жылі у казцы. Казцы судзейнічала панарамная рэстарацыя "Буслянка" двума паверхамі ніжэй. Ні ў чым сабе не адмаўляць! Усё gratis! Помню, як ты намазвала на хлеб камамбэр і дзіка сьмяялася, я запіваў гнілыя бананы кіслым малаком, ад якога балеў страўнік. Без электрычнасьці прадукты хутка псаваліся, гародніна гніла, а мяса пакрывалася небясьпечнай цьвільлю. Аднак на граніце можна раскласьці вогнішча і наварыць кашы, супу, крупніка. Хутка я наладжу вуду і пайду паймаю на сухі хлеб якую-небудзь рыбіну. Можа быць нават тунца, вада ў моры салёная.
На трэйці тыдзень у кранах прыбіральняў чамусьці зьнікла вада. Мы ўмываліся мінералкай і півам ды гатаваліся паміраць. Ты знайшла нейкіх анучаў і апранулася, як гераіня фільма "Водны сьвет". Мы паспрачаліся, хто памрэ першы. Прызам была плянэта. Мы пачыналі надакучваць адзін адному.
Самотны, я гуляў лесьвіцамі хмарачоса, паліў і думаў пра нейкае дурацкае вечнае. Трыццацю паверхамі ніжэй я выкупаўся, проста на лесьвічнай клетцы. Вада была страшна халоднай, я захварэў і бачыў амарокі. Агромістыя арміі, якія скачуць праз стэп, футурыстычныя гарады іных міроў, гіганскіх інсэктаў і кітоў, якія падаюць зь неба.
Хто з нас памрэ першы? Жанчыны жывуць долей!
Нас падабраў паром "Silja line" зь фінамі на борце. Ты нарадзіла дзяўчынку. Назвала яе Ідракарпай, што значыць "плод вады". А я стаў начальнікам вострава на Карпацкім архіпэлягу.
Link9 comments|Leave a comment

navigation
[ viewing | February 11th, 2008 ]
[ go | Previous Day|Next Day ]