aj - March 10th, 2008 [entries|archive|friends|userinfo]
aj

[ userinfo | ljr userinfo ]
[ archive | journal archive ]

March 10th, 2008

и в ближайшей пивнушке мы дерябнем пивка в магазине напротив возьмём по чекушке [Mar. 10th, 2008|02:24 am]
Не, я на такое не згаджаюся. Змагацца там, паміраць за сумнеўнай якасьці лясы і балоты, за родны край, карацей. За ягоныя праявы, дастойныя толькі тады, калі ты ў раскошнай кампаніі, у меру п'янай, дружалюбнай, з жартамі і знаёмымі песьнямі. З прынцэсай, якая спужана хавае пад падолам сукенкі каленкі, спужана, бо крычыць сыч, а не бо ў лесе чырвоныя кхмеры або кавалер п'яны лезе драцца да іншага патаемнага кавалера, і наадварот. Дзе-небудзь пад Заслаўем. Калі доўга ісьці ў бок Мінскага мора, сярод водных расьлінаў, пругкіх на вобмацак, лілей, кубышак зь мярзотнымі жоўтымі кветкамі, іх прытарным пахам, які накладваецца на пах чыгункі, гудрону і лодачнай станцыі. У лесе сядзець і піць вінішча, або нешта мацней - заморскае, з Гаіці, Кубы і Антылаў, што кідае цябе ў роспач, езьдзіць табой па пяску, зь яго гострымі сасновымі шышкамі і вогнішчам, якое гарыць само па сабе і падпальве абутак, у роспач, бо маняць назвы, геаграфічныя і ня вельмі, друг прывёз рому, іншы друг цыгарэты "Жытан", а жытан па-французку - цыганка, намалёваная на сінім пачаку, ідэялістычная, ідэяльная, як з паэмаў рамантыстаў, хочацца яе трахнуць, але яе няма - яна ня тут, і застаецца толькі абняць за шыю страшыдла, што выйшла зь лесу на вогнішча паплакацца пяшчотным і хворым людзям, абняць гэтую сьлёзную пачвару, якую іншая пачвара грызанула за карак, і плакаць разам зь ёй. Аб радзіме, якую ня любіш. Аб чужыне, якую хочаш. А потым абняць сваю прынцэсу, якая таксама - чужына. А пасьля дрэвы, родныя, якія адказваюць толькі смалянымі плямамі, псуюць заморскае адзеньне. Потым бегчы зь вярсту па полі, таптаць кратоўнікі і пужаць перапёлак, перапрыгнуць забалочанае ўзьбярэжжа, набрыўшы поўныя чаравікі роднай гнілой вады і плюхнуцца ў Мінскае недамора, уяўляючы, што гэта Біскайскі заліў, або, не на самы худы канец, - Цымлянскае вадасховішча.
О, край родны, край прыгожы, мілы кут маіх дзядоў, што мілей у сьвеце божым гэтых сьветлых берагоў? Ласкава аздобленых панам Богам рудымі гнілымі водарасьцямі і ярка аранжавым лебядзіным гноем. Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, збольшага крывавага колеру і халодныя, па іх плаваюць шпалы вузкакалеяк і вясковыя дзяўчаты, студэнкі педвучылішч, дзе бары-лясы гудуць жалобныя песьні пра трактара і таракана, бо у іх тралі-валі гуляюць бандыты, напэўна, замест рабаўнікоў з паэмаў рамантыстаў. Дзе мядамі пахнуць грэчкі, нівы гутаркі вядуць! Я чуў гэтыя гутаркі, яны сапраўды цікавыя. Значна цікавейшыя за большасьць гутарак, якія прыходзіцца весьці мне. Тут.
Гэтых гмахаў безгранічных! Балатоў тваіх, азёр! Дзе пад гоман хваль крынічных думкі думае прастор! Дзе ўвосень плачуць лозы, дзе вясной лугі цьвітуць, дзе шляхом старым бярозы адзначаюць гожа пуць. Што?
Я хачу ўцекчы. Зрабіць гэта ціха. А потым вярнуцца. А потым ізноў уцекці. Ізноў вярнуцца. Ізноў уцекці. Бо самыя мае любімыя пачуцьці (з кепскіх) - гэта зайздрасьць і рэўнасьць. А з добрых - свабооооода. Пра якую шапоча неба, што яе не адняць.
Link2 comments|Leave a comment

navigation
[ viewing | March 10th, 2008 ]
[ go | Previous Day|Next Day ]