| |
[Jul. 29th, 2008|03:59 pm] |
Напрыканцы ліпеня катка летуценьнікаў-дэбілаў паехала ў правінцыю сузіраць зорны дождж Пэрсэідаў. Лягерам сталі на берагах вялізарнага возера з востравам пасярэдзіне, на якім выпісваліся ў начы жудасныя руіны княскага замку. Млявы Алёшка дзікімі ад зёлак вачыма ўзіраўся ў азёрныя далі, надаваў мэтафізычны сэнс месяцовай дарозе, рваў на сабе валасы ад смутку, што зь ім ніхто ня хоча вадзіцца, а і адагнаў вясковую котку ад трупіка вугра, якога вынесла хвалямі на бераг. Што сэнсу, - думаў Алёшка, - вугру плыць адсюль, ад нашых вод, ажно ў Саргасава мора, у Бэрмудзкі трохкутнік, што ж за жывёльная абрадавасьць, што за таямнічая сутнасьць вугрынага духу, як яны мінаюць плаціны ГЭС, паўзуць хіба пяском, дасяжныя для гарпуноў мінакоў-паляўнічых... Вугор тлустны і можа быць разрэзаным, як калбаса, па кавалках падобны да сушы. Можа ён затрымлівае дыханьне і паўзе па зямлі як зьмяя, што ім гэтая вугрная адысэя, каб мы ўсе, людзі, плылі куды-небудзь у Флорыду, каб гэта, пусьціць ікру... З гэтымі нудотнымі словамі, ён даброў да вогнішча, дзе яго хутка і непрыгожа затыкнулі, засьпяваўшы нешта накшталт "гэй да густой туман, гэй да бацька-атаман". У намёце Віцюня спакушаў падругу Басю. Бася спакушалася ня надта, аддаючы перавагу зялёненькай зубровачцы, якую яны пілі з выдвіжной шклянкі. Пасьля кожнага хлопнем! Віцюня сьцягваў з Басі па адной дэталі убору, які быў занадта зграбным і мнагаслойным як да гэтай гнілой правінцыі, што пахла глеем, водарасьцямі і трупамі рыбаў. Ужо на палове другой пляшкі Бася нарэсьце апынулася голай і гатовай да ласак, а Віцюня ж наадварот, не асаблівы ахвотны да выпіўкі і стомлены ад такой прэлюдыі, выдаваў хіба мэханічныя рухі, упадоблены гравіравальнаму станку. Ён ўжо была думаў прыкінуцца задаволеным, каб скончыць гэтую потную гульню. Але на дапамогу яму прыйшоў загарэлы Валер, які залез у намёт па гарэлку. Ня хочаш да нас? - какетліва правізжала гарачая Бася, але Валер адхрэсьціўся, схапіўшы дзьве пляшкі зуброўкі, ды зьнік у аранжавым сьвятле ночы. Ён ціхенька адпоўз ад намётаў, залез у пахучыя кусты глогу, адкаркаваў пляшку і пачаў піць наўпрост з гарла, заядаючы пітво зялёнымі шчэ пладамі. Ён бачыў, як зь неба падалі зоркі. Шмат зорак. І загадваў цэлы тузін жаданьняў. Кожнае глупей папярэдняга. Дайшло да таго, што на трынаццатай зорцы ён загадаў сабе мікрахвалёўку, а на пятнаццатай ровар BMX. Аднак зубастае сумленьне хутка прымусіла яго вернуцца да кампаніі, якая пры відзе гарэлкі заціхла, перастала сьпяваць свае пошлыя песьні і пачала аблівацца сьлінай. Яны пілі і лаіліся матам ажно да таго моманту, як з прыазёрнага ўзьлеску выйшла нейкая валасатая пачвара, моўчкі падышла да вогнішча і моўчкі утаропілася ў прысутных. Гэта лідзкі еці! - шапталіся летуценьнікі-дэбілы, - не, гэта прывід з княскага замку! Гэта кадук! Гэта мент Дзянісаў, што загінуў ад рук браканьераў! Гэта Чувакка, - заржаў гостры на язык Віцюня, які вырваўся з абдымкаў Басі і глядзеў на праблему па свойму. Апошняя зорка звалілася ў воды, і вечар быў сапсаваны. |
|
|