|
Sunday, November 5th, 2006
|
11:33p - сьмеласьць
Я неяк марыла стаць Ідыётам: прасьветленым вар'ятам - сьмешным, наіўным і бясстрашным у сваёй наіўнасьці. Бо яна (як найвышэйшая шчырасьць) патарабуе адмысловае сьмеласьці, якой мне так не стае. Нібыта той баязьлівы Лёва са сказкі пра Гудвіна: ад уласнае трусасьці зрэдку раблю нечакана мужныя ўчынкі. Вось і захапленьне ўсходнімі адзінаборствамі адсюль - ад жаданьня пазбавіцца баязьліўства. Адылі, яны далі мне зразумець адну простую каштоўную рэч: мужнасьць - ня ў тым, каб лёгка кідацца ў смяртэльны бой (так робяць птушкі і жывёлы - з інстынкту захаваньня роду, славалюбцы - з прагі гонару, а часам дурні, апантаныя прагай грошай ці ўлады). Мужнасьць хаваецца ў дробных штодзённых справах (не аднойчы абрыдлых) - гэтых мікраучынках "праверкі на ўшывасьць". Да прыкладу, на тыя ж трэніроўкі трэба хадзіць нудна-рэгулярна, упарта трэніравацца, паўтараючы адное і тое практыкаванне, адзіны рух да пацямненьня ў вачах, але не губляючы пры гэтым пільнасьці і чуйнасьці да сябе, да навакольля. Можа сьмеласьць - гэта ня сьмеласьць быць кімсьці, але сьмеласьць быць?
P.S. На Плошчу мяне ня сьмеласьць прывяла, але (як можа каго таксама) пякельны сорам за ўласны страх перад рознага кшталту зданямі і хімэрамі (ў пагонах, ў камуфляжы, з партфэлем ці без), які паступова пераўтвараўся ў страх перад жыцьцём.
(comment on this)
|
|
|
|