| |||
![]()
|
![]() ![]() |
![]()
Онталагічная здрада - адна з версій "беларускай ментальнасці" Калісь аглядальнік блогаў ![]() Але, несумнеўна, ёсць пэўная (няўстойлівая ў працяглым гістарычным вымярэнні, але існая на абмежаваным адрэзку часу) сістэма каштоўнасцей, ўзору паводзінаў, рэакцый на пэўныя "раздражняльнікі" і г.д., уласцівая нейкай чалавечай супольнасці (той самы "габітус" Бурдзьё). Асабліва гэты габітус добра назіраецца ў супольнасці, што жыве даволі замкнёна , ды імкнецца захоўваць свае парадкі і звычаі. То бок - уяўляе сабой традыцыйнае грамадства.* Калі казаць канкрэтна пра Беларусь, то тут ажно да другой паловы 20 ст. колькасна дамінавала сялянства - найбольш кансерватыўная і ўстойлівая ў звычках супольнасць. Таму найчасцей, кажучы пра "беларусаў увогуле", апісваюць самыя выразныя і характэрныя тыпы тутэйшых сялян канца 19 - сярэдзіны 20 ст. Карыстаючыся такім параўнаннем пад адзін грабенчык ("пад селяніна") прычэсваюць і партызанаў шматлікіх войн (якія, што праўда, насамрэч збольшага мелі сялянскае паходжанне), сучасных гарадскіх беларусаў і нават беларуска-літоўскую шляхту 13-18 стст. Аўтар прыгаданага эсэ спрабуе адыйсці ад гэтай звычкі, імкнучыся апісваць "душэўны стан" менавіта сённяшняга беларускага грамадства (збольшага гарадзкога у 2-3-м пакаленні). Але часам не пазбягае надта шырокіх абагульненняў пра рускіх і беларусаў "увогуле". А нядаўна я натыкнулася на майстэрскае эсэ Пятра Васючэнкі "Наша здрада", у якім беларусы (праз усю сваю працяглую гісторыю) апісваюцца, калі перафразаваць назву эсэ Будзіміра, як "онталагічныя здраднікі". Даволі стары тэкст, і калісці, на першым-другім курсе універа ён мне вельмі падабаўся. Цяпер жа я маю да яго шмат прэтэнзій у плане канцэптуальнага зместу. Аўтар займае нейкую трансцэндэнтную пазіцыю, з якой ён нібыта бачыць "здраду як такую" - метафізічную здраду, што прымае розныя абліччы у розныя часы і ў розных сітуацыях, але пры гэтым не змяняе нейкай сваёй сутнасці. Заняўшы гэты плацдарм, ён праводзіць артабстрэл "беларусаў як такіх", прыводзячы самыя розныя прыклады з усіх эпох беларускай гісторыі. Тым не меньш, негледзячы на відавочныя перабольшанні і часам - прыцягнутыя за вушы прыклады і метафары, - тэкст мне ўсё адно падабаецца. Гэта ўсё-ткі паэтычная спроба пранікнуць за завесу размаітых падзей нашай гісторыі і сучаснасці, а не навуковы аналіз з выбаркамі. Штосці ў аўтара атрымалася лепш, штосці горш. Некаторыя моманты закранаюць настолькі, што пачынаеш менш звяртаць увагі на супярэчнасці і "перагібы". Вочы палясоўшчыкаў А якія ў здрадніка вочы? Ня трэба лічыць, што вочы здрадніка – абавязкова блудлівыя ды юркія. Яны могуць быць блакітна-шэрыя ды халодныя, бы беларускія азёры ў глухую восень. Такія вочы я бачыў на абразе Крамскога “Палясоўшчык”. Расейскі мастак намаляваў дзеда-палешука, чый позірк не абяцае чужынцу нічога добрага. Ня раю братацца зь ім і абяцаць адвечную дружбу. За сьпінаю палясоўшчык хавае сякеру зь лязом такога самага колеру, што й ягоныя вочы. Такія вочы маглі быць у трох літаратурных палясоўшчыкаў – Тараса, Грышкі, Міхала. Дарэмна крытыка рабіла іх сялянамі. Паводле грамадзкага становішча яны былі паміж панам і мужыком – падпанкамі. Іхнім абавязкам было – прыслугоўваць, дагаджаць, першай звычкай – ладзіць са зьверхнікамі. ![]() ... Комплекс служэньня, на жаль, моцна зрастаецца з комплексам здрады. Ланцуг прыніжэньня, здрады й помсты доўжыцца. ... Здрада – учынак маленькага ў дачыненьні да большага ад сябе. Учынак, якога той, большы, не чакае. Часам гэта спроба маленькага зьвярнуць на сябе ўвагу. Часам гэта адчай маленькага ад немагчымасьці стаць вялікім. Часам гэта – страх маленькага перад немагчымасьцю зразумець вялікага. Пятро Вясючэнка. Наша здрада // Фрагмэнты №8, 2000 Зрэшты, такая непрыгожая характарыстыка, якой узнаграджае спадар Васючэнка ўсе пакаленні беларускага народа, не абмінаючы ні малога, ні вялікага можа сведчыць таксама аб схільнасці беларусаў да мазахісцкага самабічавання і самаабгаворвання. Ці гэта характарыстыка асабіста аўтара? ________________________________________ *Вядома, чым больш мадэрнай і рухавай, адкрытай для знешняга свету будзе нейкая супольнасць, тым больш зменлівым і няўстойлівым будзе яе набор патэрнаў (нават калі яна будзе дамінаваць і прымушаць як прышлых, так і знешніх гуляць па яе правілах, пераймаць яе каштоўнасці). Кансерватыўны ж стан дазваляе (на некаторы час) адцягнуць гэтыя перамены ў стылі жыцця, паводзін і стэрэатыпах успрымання навакольнага свету. Радыкальныя прагрэсісты ўсхваляюць першае, кансерватары-традыцыяналісты - другое. |
||||||||||||||
![]() |
![]() |