|
| |||
|
|
Интервью газете "Звязда": газ, Союзное государство и т.п. Единственная у нас ежедневная государственная белорусоязычная газета. -- Прадстаўнiкi "Газпраму" заявiлi аб плануемым павелiчэннi кошту газу для Беларусi з наступнага году. Называецца памер павелiчэння -- у тры разы. Як вы пракаментуеце намеры "Газпраму", наколькi гэтая кампанiя будзе цвёрда дамагацца значнага павелiчэння кошту газу? -- Пакуль мы не маем нiякiх афiцыйных рашэнняў. Мы маем толькi заявы чыноўнiкаў «Газпраму», а таксама артыкулы ў газетах… Тое, што адбываецца, можна пакуль называць толькi iнфармацыйнай кампанiяй. Хутчэй за ўсё гэтая кампанiя прымеркаваная да самiта «вялiкай васьмёркi», якi хутка павiнен адбыцца ў Санкт-Пецярбургу. Бо вядома, якое стаўленне мае Захад да Беларусi. I многiя на Захадзе лiчаць, што сiтуацыю ў Беларусi можна змянiць толькi з дапамогай Расii. Таму пакуль не пройдзе гэты самiт, не будзе зразумела, што на самой справе будзе з цэнамi на газ для Беларусi. -- Калi павышэнне кошту ўсё ж адбудзецца ў той цi iншай ступенi, як гэта можа паўплываць на сiтуацыю ў беларускай эканомiцы? Наколькi верагодна, што адначасова з павышэннем кошту Расiя знойдзе схему фiнансавай кампенсацыi страт беларускай эканомiцы (улiчваючы тое, што сёння вышэйшае кiраўнiцтва Расii, здаецца, мае цвёрды намер не страцiць Беларусь як саюзнiка ля сваёй Заходняй мяжы)? -- Я ўпэўнены, што кампенсацыя будзе... А калi Расiя пачне цiснуць на Беларусь больш-менш сур'ёзна, то, думаю, самае простае, што можа зрабiць наша краiна ў адказ – каардынаваць цэны на транзiт расiйскага газу з Украiнай. Бо абыйсцi абедзве гэтыя краiны Расiя не можа… А ў блiжэйшы час павiнен скончыцца танны туркменскi газ для Украiны i ўжо летам амаль на 100 працэнтаў мы будзем мець новы канфлiкт памiж Расiяй i Украiнай адносна кошту газу на другую палову гэтага году й цэнау на транзит. -- Заявы расiйскага боку пра плануемае павышэнне цаны на газ прагучалi адразу пасля прэзiдэнцкiх выбараў у Беларусi. Цi была, на ваш погляд, памiж кiраўнiцтвам дзвюх краiн дамоўленасць не ўзнiмаць гэтае пытанне раней? -- Дамоўленасць – гэта моцнае слова... Вiдавочна, што гэтыя заявы маглi прагучаць да выбараў, i тады яны паспрыялi б нашай апазiцыi. Аднак дадзеныя заявы не прагучалi ў той час i гэта не можа не быць вынiкам свядомай расiйскай палiтыкi. Мне падаецца, што сёння праблему паставак газу не трэба надта перабольшваць. Калi б Расiя праводзiла палiтыку, скiраваную на вельмi моцныя змены ў Беларусi (такую палiтыку чакаюць ад Расii заходнiя краiны), то Расiя iнакш павяла б сабе падчас нашай перадвыбарнай кампанii. Калi Расiя так не зрабiла, гэта значыць, што нiякiх катастрафiчных крокаў зараз яна, напэўна, не зробiць. -- Першы намеснiк прэм’ер-мiнiстра Беларусi Уладзiмiр Сямашка заявiў, што беларускi бок гатовы абмяняць 50 працэнтаў акцый «Белтрансгазу» на актывы газаздабываючых кампанiй у структуры «Газпраму». Як вы ацэньваеце такi крок? Цi засталася, на ваш погляд, у «Газпрама» такая ж вялiкая зацiкаўленасць у атрыманнi кантролю над «Белтрансгазам», як была раней? -- Уладзiмiр Сямашка не першы агучыў такую прапанову. Зусiм нядаўна падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Лукашэнкi i Уладзiмiра Пуцiна гэтае пытанне ўзняў беларускi прэзiдэнт. I Пуцiн нiбыта неблага паставiўся да такога варыянту... Для "Газпраму" пытанне пра «Белтрансгаз» -- гэта пытанне капiталiзацыi «Газпраму». Расiйская кампанiя iмкнецца зараз узняць на сусветных рынках свой кошт. I дзеля гэтага апошнiм часам “Газпрам” робiць шмат агрэсiўных крокаў, каб усю сетку трубаў, якая iдзе з Расii да еўрапейскiх карыстальнiкаў, мець у сваiх руках. Чым больш ён мае такiх трубаў, тым больш узрастае яго капiталiзацыя, бо «Газпрам» пачынае выглядаць як iнтэграваная ў тэхналагiчным сэнсе манаполiя... Таму барацьба "Газпрама" за «Белтрансгаз» -- гэта барацьба не столькi за транзiт, колькi за капiталiзацыю. -- Ад адносiнаў з Расiяй хачу перайсцi да адносiнаў з Захадам. Прайшло два месяцы пасля прэзiдэнцкiх выбараў у Беларусi. Як бы вы ацанiлi змены ў адносiнах памiж нашай краiнай i Захадам? -- Адносiны цяпер дрэнныя. У той жа час сённяшнi нiзкi ўзровень адносiнаў Беларусi з Захадам не з’яўляецца для нашай краiны крытычным. Захад нiчога занадта небяспечнага для Беларусi не прадпрымае, нiякiх велiзарных сродкаў на барацьбу з нашымi палiтычнымi рэалiямi ён не выдзяляе. Пры гэтым нашая апазiцыя дрэнна выкарыстоўвае тыя дыпламатычныя магчымасцi, якiя перад ёю адкрыты… Таму нават калi ў блiжэйшы час i не будзе паляпшэння нашых адносiнаў з Захадам, нiякай вялiкай палiтычнай праблемы, на мой погляд, гэта складаць не будзе. -- Якой можа быць падтрымка беларускай апазiцыi з боку Захада ў наступныя некалькi гадоў? -- Аб’ёмы фiнансавання павялiчацца. Але я не думаю, што да нейкай крытычнай вагi. Бо зараз Беларусь не з’яўляецца надзвычай сур’ёзнай праблемай для Захаду. Сёння ён мае i больш важныя праблемы. Да iх адносiцца барацьба вакол ядзернай праграмы Iрана. Таксама цяпер перад Захадам стаiць пытанне пра гарантыi паставак газу з Расii… I я не бачу, што можа прымусiць Захад пайсцi на крокi па знешняму ўмяшальнiцтву ў беларускую палiтыку, якiя б паставiлi сiтуацыю ў нашай краiне на мяжу моцнага палiтычнага крызiсу. Магчыма, калi б беларуская апазiцыя была больш моцная, то можна было б чакаць нейкiх заўважных крокаў па яе падтрымцы. Але нашая апазiцыя маргiналiзаваная, i я думаю, што яе немагчыма падтрымаць так, каб ператварыць у нешта сур'ёзнае. -- Як вы ацэньваеце адносiны Беларусi i Украiны за час, як у суседняй краiне да ўлады прыйшло «аранжавае» кiраўнiцтва? -- На iдэалагiчным узроўнi Беларусь i Украiна сёння -- зусiм розныя краiны. I нiякага iдэалагiчнага пагаднення памiж нашымi краiнамi цяпер быць не можа... Там, дзе неабходна заняць пазiцыю асуджэння беларускiх палiтычных рэалiй, Украiна гэта сёння робiць. Але Украiна не вядзе нейкай спецыяльнай мэтанакiраванай палiтыкi па ўмяшальнiцтву ў беларускiя справы. Украiна iмкнулася апошнiя два гады да функцыi пасярэднiка памiж Беларуссю i Захадам. У гэтым сваiм iмкненнi, здаецца, Украiна знаходзiць разуменне з нашага боку. Беларусь таксама iмкнецца не абвастраць адносiны з Украiнай па якiх-небудзь пытаннях. -- Апошнiм часам перыядычна гучаць заявы з боку ўкраiнскiх палiтыкаў пра магчымы выхад Украiны з СНД. Як вы пракаментуеце такiя заявы? -- Афiцыйнага рашэння пра выхад з СНД пакуль няма. Пакуль вядуцца толькi размовы. Але гэта гучныя размовы. Як з боку Украiны, так i з боку Грузii… Мне падаецца, што хутчэй за ўсё Украiна выйдзе з СНД досыць хутка. Бо Украiна ўзяла ясны курс на iнтэграцыю ў НАТО i Еўрапейскi саюз. I Захад, няхай i павольна, але падтрымлiвае Украiну ў гэтым накiрунку. Таму лагiчна чакаць, што Украiна на нейкiм этапе будзе выходзiць з арганiзацый, якiя так цi iнакш робяць яе саюзнiкам Расii. -- Здаецца, прынцыповае рашэнне пра прыём Украiны ў НАТО кiраўнiцтва Паўночнаатлантычнага альянсу ўжо прыняла. Пакуль, праўда, пра канкрэтныя даты ўступлення гаварыць рана. Тым не менш, як, на ваш погляд, могуць змянiцца адносiны Беларусi i Украiны пасля ўступлення гэтай краiны ў НАТО? -- Самая галоўная палiтычная падзея на постсавецкай прасторы некалькiх блiжэйшых гадоў -- прэзiдэнскiя выбары ў Расii ў 2008 годзе. Вельмi важна, якая канфiгурацыя ўлады ўсталюецца ў Расii ў вынiку гэтых выбараў. Гаворка iдзе не толькi пра кандыдатуру прэзiдэнта, але пра ўсю канфiгурацыю ўлады... Украiна, хутчэй за ўсё, стане членам НАТО пасля выбараў у Расii. I тут яшчэ не ясна, цi будзе афармляцца ўступленне Украiны ў НАТО як нейкая рэзкая рэакцыя на вынiкi расiйскiх выбараў, цi гэта будзе нешта iншае. У залежнасцi ад таго, як гэта будзе афармляцца, думаю, i будуць развiвацца адносiны памiж Беларуссю i «натаўскай» Украiнай. Пры гэтым я не чакаю нейкай надзвычай рэзкай канфрантацыi памiж нашымi краiнамi пасля ўступлення Украiны ў НАТО. Польшча, Лiтва i Латвiя ўступiлi ў НАТО i пры ўсёй палiтычнай i iдэалагiчнай напружанасцi памiж нашымi краiнамi, нечага, што ў беларускай сiстэме каштоўнасцяў можна лiчыць надзвычай вялiкiмi складанасцямi, мы не маем. |
|||||||||||||