Віталь Д.

« previous entry | next entry »
Nov. 13th, 2012 | 03:48 am
mood: depressed depressed
music: Денис Третьяков "Сирота"

СЯСТРА прыехала, навіны пра жыццё на раёне прывезла. «Ты ж ведаеш, — сказала, — Віталік Д. павесіўся, аднакласнік твой». Я не ведаў, дарма што сяброў у аднайменнай сацыяльнай сетцы сто дваццаць штук. «Во як!» — адказаў, не міргнуўшы вокам, хутчэй ад нечаканасці. Памаўчаў трохі і дадаў абыякава: «Па п’яні?». Сястра кіўнула. І чамусьці толькі тады мне нарэшцэ стала цяжка.

Віталіка Д. я ведаў з часоў нават ранейшых за тыя, калі ён зрабіўся маім аднакласнікам. Тусаваліся мы, у асноўным, па розных кампаніях, спавядаючы па-за межамі школы дыяметральна супрацьлеглыя каштоўнасці, але кожны ягоны знаёмец цяпер моцна азадачаны, бо заўжды вясёлы і ўпэўнены ў сабе Віталік быў відавочна не з тых, хто можа засіліцца. Кажуць, такі парадокс для самагубстваў справа звычайная. Кажуць, што Віталік моцна хварэў гэтай зімой і скінуў шмат лішняй вагі. Кажуць, што Віталік моцна закахаўся ў свае 29, так моцна, што ледзьве не лётаў на крылах ад шчасця. Кажуць, нават рыхтаваў вяселле, чым моцна азадачваў блізкіх, бо відавочна быў не з тых, хто можа лётаць на крылах надоўга і ўсур’ёз. У чацвер ці ў пятніцу нешта адзначалі кампаніяй, падчас святкавання ён моцна пасварыўся з нявестай, госці разышліся, раніцай сышла на працу яго маці, здаецца, апошняя, хто бачыў яго жывым.

Кажуць, тое была як мінімум другая спроба. Я моцна азадачаны.

З шостага па дзявяты клас мы сядзелі за адной партай падчас заняткаў па французскай мове. Заняткі былі фармалізаваныя і адчайна занудныя. Вечна непадрыхтаваныя, мы шторазу беспаспяхова і безімпэтна спрабавалі выправіць двойку, атрыманую падчас мінулага ўрока. У 90-я кожны сабака ведаў, што галоўнае не перамога, і двойка, не ранячы нічыйго сумлення, пераходзіла ў наступны розыгрыш.

Bonjour! — бляклым голасам кажу я, гледзячы перад сабой. Ад марознага вакна з відам на стадыён, дзе юрлівы фізрук па коле ганяе апошнія ў гэтым годзе статкі расчырванелых старшакласніц, нас аддзяляюць два шэрагі партаў і, што самае непрыемнае, настаўніцкі стол — нас, гультаёў, традыцыйна садзяць як мага бліжэй да дошкі.

Bonjour! — неахвотна адказвае Віталік, што, у прынцыпе, зразумела. Мы павіталіся гадзіны тры таму. Для чаго гэты цырк?

Comment s’appelle tu? — пытаюся я, уздымаючы левае брыво. Трэніраваў мімічны жэст цэлы вечар, і цяпер думаю, ці дапаможа ён мне падабацца аднакласніцам-дзяўчатам так, як падабаецца ім любы жэст Віталіка?

Je m’appelle Vitali! — глядзіць на мяне як на ідыёта Віталік і, секунду памарудзіўшы, задае мне тое самае пытанне.

Je m’appelle Serge!

Бязглуздыя пытанні грувасцяцца адно на адно, памнажаюцца пачкаваннем, прарастаюць самі з сябе, бясконцыя, нудныя, ідыёцкія. Урэшце нас спыняюць. У паверы павісае:

Quelle saison de l’année vient après l’eté?

* * *

«Ужо пахавалі», — сказала сястра, а я чамусьці забыў запытацца, ці шмат людзей ішло за труной. Сястра з’ехала, і я палез у сацсеткі, з якіх збіраўся выдаліцца адным махам яшчэ сёння ранкам. Акаўнтаў Віталік не заводзіў, але блізкія сябры стварылі некалькі мемарыяльных альбомаў, так што фоткі ўрэшце адшукаў.

250.52 КБ

Бывай, Віталь, ты быў добры.

* * *

Soleil rouge, horizon noir
C’est l’automne, c’est l’automne
Lune rousse au vent du soir
L’été nous dit au revoir.

Link | Leave a comment | Add to Memories


Comments {0}