| Аліса ў гарадах - Istanbul kadar gidiyorum. Seninle olur mu? |
[Jan. 19th, 2008|07:13 am] |
БЭРЛІН Бэрлін, здаецца, самы лепшы горад у сьвеце. Многія там любяць сыты Кудам, пантовы Пацдамэрпляц, або патаснае Міттэ. А я цаню брудны панкаўскі Алекс зь яго савецкімі будынкамі і калясальнай вежай. Там вельмі здорава - гэта пах кітайскага фастфуду і народ апрануты, як ў нас на цэнтры. Што ехаў у С-бане да Алекса, плакаў: усё такое знаёмае, мілае сэрцу: цурукбляйбэнбіттэ, нэхстэ штаціон - якое-небудзь Бэ-ле-вю! На Алексе ля фантану нейкія палякі сьпяваюць па-польску. Я да аднаго зь іх такса' па-польску, маўляў, дзе тут можна піўка вычапіць? А ён ні хера не цяміць: шта брэ? Сэрб, вопшчэм, з Канады. Езьдзіць па сьвеце, панкуе мужычок, ужо гадоў як 15. Ну, - кажа, - тут піва ўсё дорага, ато я лепей цябе пачастую. І дастае з шматлітровага заплечніка дахера "Бэрлінэр Кіндля". Я п'ю, а ён распавядае, не заткнуць. Кажа, сям'я была вялікая, горная, басьнійская, а ён самы малодшы быў, значыць, самы юркі. Танцуюць яны з братамі на якойсь Славе казачка, а ён лепш танцуе, баржэй, што братоў дужа крыўдзіць... Ну яны яго раз на падлогу, ды давай па ім казачка скочыць. Кажа, дагэтуль бок баліць, хоць столькі год прайшло. Шмат чаго распавядаў, а збольшага анэкдотаў. Бэрлін самы лепшы, бо ў ім не адчуваецца дыстанцыі між людзьмі. Усе - свае, нават ун тыя карэйцы, што бязглузда шчолкаюць сваімі дарагімі фотаапаратамі. Я потым у іншым нямецкім горадзе ў адным крутым саборы знайшоў на лавах даражэнны круты фатаапарат, дык не каб сабе забраць, прадаць потым і прапіць, а аддаў заплаканай карэйскай дзеваццы, што на пальцах тлумачыла даглядальшчыку на ўваходзе аб страце. Аддаў, бо ў саборы гэта ўсё адбывалася, а там мы ўсе пад Богам.
НІЖНІ ТАҐІЛ Ніжні Таґіл трохі горшы ад Бэрліну. Гэта такі культавы горад на Ўрале. Культавы, бо тут знаходзіцца танкавагонабудаўнічы завод, вотчына Т-34, і бо існуе такі культавы расейскі выраз "муділа с ніжнего тагіла". Горшы ж ад Бэрліну, бо там вельмі сумна і цалкам Расея. У Тагіле ўсе вОкаюць і па мове адразу ж вылучаюць чужынца: ты, навернО, с Украіны ілі БелОрусіі? - пыталіся мяне яны, а потым перапытвалі, колькі каштуе ў БелОрусіі хлеб ды піва, і ці праўда, што ў вас там Бацька. Каб пазьбегнуць лішніх пытаньняў, я цэлымі днямі тырчаў на Лісьяй (відаць, былой Лысай) гары - вялізнай гары, што прыгожа вісіць над водамі тагільскага ставу. Там няма лісаў, але ёсьць закінутая званічка, на ўжо даўно ня белых мурах якой многа-многа надпісаў "хуй". Яшчэ там жывуць цудоўныя матылі-парусьнікі Махаоны, якіх я ніколі ня бачыў у Беларусі. Іх там столькі, што разьбягаюцца вочы. А яны вялікія, з далонь, і жоўтыя з малюнкамі. Калі выязджаеш з Тагілу, доўга-доўга едзеш уздоўж заводаў, што так багата тут, і на многія кілямэтры бачна ў небе жоўтыя, зялёныя і чырвоныя дымы з трубаў, дымы Отчізны, што так сладкі і пріятны.
ПОЛАЦАК, КІЕЎ, НОЎГАРАД, СТАМБУЛ. Агулам я такім ці іншым чынам быў у 36-ці гарадах. Люблю рабіць падлікі. Сярод іх Сьветлагорск, Смаргонь, Наваградак, Берасьце, Полацак, Гомель, Баранавічы, Бабруйск, Лагойск, Смаленск, Ніжні Ноўгарад, Ніжні Тагіл, Масква, Піцер, Кіеў, Львоў, Луцк, Алушта, Еўпаторыя, Варшава, Люблін, Гданьск, Гдыня, Сопат, Беласток, Бэрлін, Пацдам, Мюнхен, Вена, Зальцбург, Талін, Вільня, Коўна, Бахчысарай, Семфіропаль і Менск. Больш ад усяго я хачу ў Сараева, Бяўград, Будапэшт, Стамбул, Ноўгарад, Ню-Ёрк, Цярнопаль, Сан-Фран, Мэхіка, Буэнас-Аірэс, Санцьяга, Кэйптаўн і Ташкент. У дзяцінстве я марыў патрапіць у Стакгольм. Але так і не патрапіў, дый ён мяне больш не ўзбуджае. |
|
|