| FREE KOSAVA |
[Feb. 21st, 2008|08:49 pm] |
Калі мястэчка Косава і дванаццаць акольных вёсак - калгас імені Касьцюшкі - у аднабаковым парадку абвесьцілі сваю незалежнасьць, стаяў прыгожы лютаўскі дзянёк, і бледны ранішні месяц захоўваў на сабе сьляды сяношнага зацьменьня, яго жыхары яшчэ не пасьпелі завесьці палівальныя машыны і сьцерці з кратараў ліпкі бруд. Танкі з бліжэйшых райцэнтраў мусілі прыйсьці праз колькі гадзінаў, і ў вольны час перад тым, як бараніць незалежнасьць, я пасьпеў пакарміць парсюка і прачытаць пятнаццаць старонак падручніка па драматургіі. Увесь гэты час Катарына глядзела на мяне моўчкі, там-сям на ейным белым твары зьяўлялася пэрламутравая сьляза, толькі аднойчы яна дазволіла сабе слова. - надышлі канечныя ўрымяна... - прамовіла яна і пайшла ўжо па-сапраўднаму плакаць за пуню. У двары забібікалі. Гэта прыехаў генерал Алёшка на нацыяналізаванай прэдсядацельскай "волзе", - відаць, толькі што зь беларускага анклява. Ён быў загорнуты ў чырвоны прапар з чорным двухглавым удодам і сьмяротна п'яны. - Шыхт, зважай, крокам руш, І ў глыб бязьмеры! - заараў ён ці то армейскі загад, ці то народную песьню, і працягнуў мне снарад самагону. - налівай! - папрасіў. - Нас прызналі ў Францыі, Нямеччыне, Аб'яднаным Каралеўстве і Польшчы, - сказаў Алёшка, і мы выпілі за Незалежнасьць. - Ты якім парфумам карыстаесься? - раптам пацікавіўся ён. - Kelvin Klein - А мне братан прывёз з Эўропы Davidoff. Ведаеш, эўрапейцы не ўжываюць парфум, як мы. Яны яго п'юць. У іх ён як дарагі алкаголь. Можна дазволіць раз на год, а ў багатых краінах - раз на месяц. А мы, селюкі, яго на сябе льем! Мы выпілі за эўраінтэграцыю. Заплаканая Катарына зрабіла нам салату з цыбулі, на што Алёшка заўважыў: ня плач, малышка! і занюхаў выпітае сваёй чырвона-чорнай патрыятычнай краваткай.
Белая нацыяналізаваная волга прывезла нас да зялёнай лужаіны перад руінамі палаца Пуслоўскіх. Народу на імправізаваным пляцу было не зьлічыць. Некалькі тысяч чалавек. І дзейсная армія з косаўскай вайсковай часткі, і сотні дабравольцаў, узброеных хто як. Вялікі Канцлер Акім Тычына чытаў апошнюю перад боем прамову, узабраўшыся на аздоблены кветкамі БТР. Паўсюль плакалі дзяўчаты, у небе крычалі крукі, а голас Тычыны гучаў бадзёра і натхняльна. Вораг марудзіў. І салодкі водар дрыготкай незалежнасьці п'яніў нас лепей за пладовае віно, якоё тут паўсюдна налівалася, - жаўнер мусіць быць п'яным.
Вораг марудзіў. І ўжо ў прыцемках я ляжаў ля вогнішча, слухаў мілагучныя жаўнерскія песьні, піў мачагонны зьверабой і думаў. Так! - думаў я, - так! так! так! Варта хоць раз у жыцьці зрабіць што-небудзь такое: накурыцца да цюцікаў, абвесьціць незалежнасьць, пераспаць са школьніцай, аб'явіць сябе рымскім папам, зноўкі абвесьціць незалежнасьць. І, чорт вазьмі, усё адно, што за гэтым будзе! Недзе далёка, напэўна, у Кушнярах, крыкнуў першы певень, і пачалася Айчынная вайна. |
|
|