Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў - там, відаць, начавалі жнеі - гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.За рэчанькай за быстраю ў цымбалы б'юць,А там маю каханую за ручкі вядуць,Адзін вядзе за ручачку, другі за рукаў,Трэці стаіць - сэрца баліць: кахаў ды не ўзяў.І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.Нашто ж мы кахаліся, нашто сады цвілі,Нашто ж нашы пуціначкі травой зараслі?Другі з табой вянчаецца ў царкве залатой,А мне адно вянчанейка - з сырою зямлёй...Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна... Франса: усё роўна... Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта - усё роўна.Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.... Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў - як золата і сонца.Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.А ён, Алесь, - а можа, і не ён, а нехта іншы, - драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.- Патрусіце іхнія нівы сваім ячменем! - крычаў нехта.- Смерць-смерць-смерць! - роў натоўп."Ды гэта ж Юр'ева ноч, - падумаў ён. - Як я там апынуўся? Чаму ўспамінаю нейкую невядомую мне дзяўчыну?Які ён цьмяны, гэты сон, што я сасніў! Нейкая Загоршчына, якой не павінна яшчэ быць, нейкі чалавек супраць мядзведзя, нейкая дзяўчына!І вось яшчэ нехта схіляецца ў сне нада мною, - страшэнна баліць галава! - высокі, стары, з хваляй карункаў на грудзях.- Унуча. Любы, што з табою?Які яшчэ ўнуча, калі ён мой прапраўнук?! Якое права мае на мяне гэты стары?!"Зноў яркiя колеры. Больш жыццёвыя, чым жыццё. Невялiкi строй людзей, сярод якiх ён. Клiнам стаяць перад iмi людзi ў беласнежных плашчах з крыжамi. Iх многа. Трохi меней, чым людзей на ягоным баку, але на самай справе куды болей. Адзiн з крыжастых варты пяцi на ягоным баку. Так было i так будзе. Таму што на ягоных людзях раменныя шаломы, а на тых - сталь, за якую нельга нават учапiцца. Воiны з ягонага боку спяваюць, i ён заўважае, як святлеюць iхнiя вочы i дрыжаць ноздры.- Га-ай! - крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго... Стралу ў бабку беламу каню - хай падае. Гаспадар не ўстане.Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам - жах?- Пaна! Пaна! - лямантуе клін.Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.- Алесь, хлопчык! Ну што? Што?- Мроя, - кажа нехта. - Ява.Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:- Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі - я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб'еш ты - з табою. У той дзень, калі яны - з крыгай лёду.І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі "Ку-гі". "Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу".- Алесь! Алесь! Хлопчык!Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, - ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук'ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму "сядзенню ў камяніцы над порахам", адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галаву пальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.I, урэшце, мiж iм i Вежам сядзеў самы малады член зборнi, супраць усiх правiл i па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром i архiвiстам Юллян Раткевiч. Вежа патрабаваў i дабiўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасцi не хапала ўжо фiзiчных сiл, а Раткевiч быў бадай што адзiн з найлепшых знаўцаў традыцый.Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай "сівой рады" Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою "сівой рады", хоць і строіў з яе кепікі.- Шчаўкунчыкі замшэлыя... Своеасаблівы "гоцкі альманах"3 Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на "рыцараў маннай кашы" з трывогай.Маўчанне рабілася цяжкім.- Мроя4, - глуха сказаў Янка Камар.Маўчанне.- Ява, - сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. - Памяць продкаў. Ён памрэ.Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.- Бадай, сапраўды, усё, - сказаў Раткевіч Юллян. - Ён не хоча жыць... Колькі часу яе ў нас не было?Вінцук Рамінскі думаў:- Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?- Тады, - сказаў той. - Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы... адной... плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою - і памёр... Нічога нельга было зрабіць...Падумаў.- Яшчэ раней, гады за чатыры- пяць, захварэлі Аляхновіч-Спіса і Янук Корста, стрыечны брат прапрадзеда гэтага шчанюка Юлляна.Вітахмовіч помніў спрэчку аб тым, ці прымаць Раткевіча, але начыста забыў, - а можа, зрабіў выгляд? - што "гэты шчанюк" сяздіць зараз між іх.Юллян усміхнуўся сам сабе.- Спіса памёр, - сказаў Вітахмовіч. - А Корста выжыў. Хоць, па прозвішчу мяркуючы, памерці б Корсце...5 Але тут ужо як хто, так што ты, Данііл, не думай занадта.Забубнеў:- Хвароба... хвароба... хвароба... Такая ўжо хвароба.Нешта не чуў я, каб гэтай хваробай нехта, акрамя нас, хварэў.Лук'ян Сіпайла сказаў:- Рада, памятаеце, меркавала, што і ў Акіма, вашага бацькі, былі зачаткі.- Рада адмовілася ад гэтай думкі, - сказаў Барысевіч-Кальчуга.Вежа сплёў пальцы.- Чорт, - сказаў ён. - Уражлівасць дурная. Ідыёцкая дурная ўражлівасць. І такія страшныя для маладога падзеі.- Сілы саслабелі, - сказаў Камар. - Абыякавасць.- Несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету, - сказаў Раткевіч Юллян.- Што ж рабіць? - спытаў дзед. - Я ведаю: калісьці пры першых адзнаках у манастыр ішлі. Спакой. Праца. Але тады манастыр быў крэпасцю... Манахі межы баранілі, подступы да гарадоў. А цяпер?.. Загорскі ды ў манастыр! Да божых пацукоў!.. Што ж рабіць, сівая рада?- Царкву кінь, - сказаў Юллян. - Хіба яна справілася хоць з адной справаю, што ёй даручылі: з дабром, любоўю, мараллю?..- Ды, можа, абыдзецца, - сказаў Вінцук Рамінскі.- Не, - сказаў Сіпайла. - Стома - смерць. Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга. Трэба, каб ён ніколі больш не стамляўся. Супакоіць яго трэба... Спакой.Усе маўчалі. Потым Вежа нясмела сказаў:- То што? Неба?- Відаць, - сказаў Барысевіч-Кальчуга. - Больш нічога не зробіш.- Дзе? - спытаў Сіпайла.Вежа кашлянуў:- Храм сонца!Юллян падумаў.- Бадай, праўда. Самае высокае, самае блізкае да неба месца. Даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Музыка, трубы гэтыя, не пашкодзяць?- А што яны пашкодзяць, - сказаў Вежа. - На ўсходзе сонца радасны спеў, на захадзе - сумны. Урэшце, як Камар скажа.Усе глядзелі на змрочнага Янку Камара, галоўнага чалавека ў той справе, што яны збіраліся рабіць.- Узгорак стромы, - сказаў Камар. - Макуша - голая . Неба будзе колькі хочаш. Мала чалавек яго бачыць, як, не раўнуючы, свіння, а тут за лічаныя дні - на ўсё жыццё. Хай будзе так. Толькі ў парк не пускайце нікога, нават самых блізкіх. Яму цяпер нельга бачыць людзей.
Ён ляжаў перад імі голы і не саромеўся гэтага. Яму было ўсё адно. Толькі крыху непрыемна, што ўсе вокны адчынены, заслоны зняты і свежы ветрык вее на голае цела. Халаднавата было, і гэта перашкаджала прачнуцца ад сну, у якім былі дзед, Міхаліна і іншыя, зноў пачаць жыць, бачыць пажары, патокі крыві ў вежных рыштоках, чуць гукі сечы, стогны сталі і выгукі.Толькі што яго з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хасталі венікамі і аблівалі мятнай вадою. ПотымЯшчэ з гадзіну мылі ў прахалодным басейне. Ён страшэнна замёрз. І вось цяпер, не адчуваючы нічога, акрамя холаду, ён ляжаў на мяккай посцілцы.Янка Камар сядзеў ля яго і дзіўна, нейкімі дробнымі рухамі трох пальцаў гладзіў ягоную галаву. Ад гэтых дотыкаў хіліла ў дзівосную свежую дрымоту, злёгку паколвала ў каранях валасоў.Славуты майстра Камар распачынаў сваю справу. Рэдкую, невытлумачальную справу. Тую, якой не ведаў ніхто ў загорскім наваколлі. Толькі ён ды два ягоныя вучні. Вучні і слугі стаялі побач, а Камар гладзіў і гладзіў галаву, глядзеў у Алесевы вочы. І ад гэтага рабілася трохі лягчэй.І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам.- Глядзі, глядзі на свет. Глядзі, любы хлопча, на свет. Глядзі. Глядзі. Неба над табою. Шмат. Шмат неба. Сіняга-сіняга неба. Аблокі плывуць, як караблі. Нясуць, нясуць душу над зямлёю. Нясуць. Зямля ўнізе вялікая. Зямля ўнізе цёплая. Зямля ўнізе добрая. І неба над зямлёй вялікае. І неба над зямлёй цёплае. І неба над зямлёй добрае. І аблокі між небам і зямлёй. Ты - у аблоках, аблокі - у табе. Сіняе-сіняе неба, белыя-белыя аблокі, чыстая-чыстая зямля. Нельга не быць шчаслівым. Нельга. Нельга. Паглядзі, пераканайся, што ты шчаслівы.Алесь нібы праз песню адчуваў дотыкі ўпэўненых моцных і клапатліва-асцярожных рук да свайго цела. Двое слуг займаліся нагамі. Два вучні - грудной клеткай, рукамі і плячыма. Яны перабіралі кожны мускул цела.- Ты здаровы. Ты свабодны. Вецер абвейвае ўсё цела. Неба глядзіць у вокны. Неба. Неба.Голас спяваў так з гадзiну. Упэўненыя рукi за гэты час перабралi не толькi кожны мускул, а, здавалася,кожную сувязку, кожны сасуд і нерв, кожную жылку. І разам з гэтымі рухамі наліваліся аднекуль у цела дзіўнае заспакаенне, раўнавага і мірная сіла.Яго зноў аблілі вадою. І зноў рукі. І зноў рэчытатыў Камара і вочы, якія бачаць цябе да дна.Заспявалі над ім галасы. Ён не разумеў слоў, але мелодыя, простая, прывабная і чаруючая, з перападамі ад высокіх гукаў да нізкіх, нібы ўладна адрывала яго ад звыклага і звычайнага, ад свету, дзе ўладарыла салдатня, дзе чужыя людзі, так не падобныя да людзей, рабілі з людзьмі, што хацелі, дзе на гасцінцах гучаў крык "ку-га", дзе чужынцы духу шматавалі ўсё маладое, здаровае, чыстае.- Ляжы. Ляжы. Ляжы нагі пад нагім небам. Халодна - укрыйся. Горача - расхініся. Не ўставай. Не ўставай. Над табою неба, неба, неба. Ачысціся. Засяродзься на простым... простым... простым. Яны не падмануць... не падмануць... не падмануць.Ён страціў на хвіліну прытомнасць, а калі ачуняў ад ачышчальнага сну - адчуў, што яго нясуць, відаць, на насілках і над галавою, бо ён не бачыў тых, што неслі. Ён проста нібы плыў між небам і зямлёй, твар і твар з сонцам і небам. І недзе за ім срэбна і звонка, нібы з жарала крыніцы, нібы з жураўлінага горла, спявала труба.Ён ляжаў.Мяккая посцілка была пад ім. Халодная прасціна ляжала ў нагах. Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам-насам з небам.Вакол былі ружова-аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба.Так ён і ляжаў.Ён толькі піў ваду і часам браў лёд і прыкладаў да галавы і вадзіў ім па грудзях і руках.Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі.Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам.Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходізў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў.Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымаоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры.Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало прааз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.І зноў крычалі совы. І зноў радасна ляцеў сіні зімародак да далёкай ракі. Купаўся ў сонцы. І ўсё гэта было не даўжэй за хвіліну: чаргаванне начных жахаў і цёплага дня, зор і блакітнага неба. Усяго, з чым ён быў сам-насам.А калі ён уставаў - бачыў злева Дняпро і парк, у якім як не было будынкаў, а справа - дзікі парк і яр, дзе тады Гелена... Не, ён не думаў пра яе і наогул пра людзей. Людзей не было зусім. Былі там проста вытокі Жараліцы, выйсце вод, выйсце крыніц.Так ішлі дні. Уначы падалі зоркі. Дзве з іх яны калісьці назвалі сваімі імёнамі. Якія? Ці не ўсё адно?Не трэба было думаць пра гэта, калі кожны дзень ён уздымаўся пад лятучыя аблокі, прасякнутыя блакітам і гарачым святлом.Так мінула два тыдні. Ява адступала. Яна з'яўлялася ўсё радзей. Таму што былі неба, аблокі і сонца. І яшчэ вецер і, адзін раз, уначы, навальніца з маланкамі. Свет расколваўся навокал, і Алесь ляжаў нібы ў шатры са сляпучых бліскавіц, схаладнелы ад незразумелага захаплення.Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.І, галоўнае, неба.Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.Кахаць - вось што было шчасце.І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было - аддаваць. Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.Праявы жыцця наплывалі аднекуль усё часцей. Чырвоная ад промняў захаду дзічка... Туман, што збягае з зямлі, і паўсюль белыя... белыя коні... Бацька прыкладае да вуснаў рог... Сіняе павуцінне ў паветры... Тромб на сляпучым пяску арэны... Вочы маці, што ўсміхаюцца яму... Кастусь і ён на кані над стромай... Каласы пад сярпом на камені... Кроер, што ўзносіць карбач... Чорныя вішні на падвоканні мансарды... Крынічка варушыць пясок... Твары Кагутоў... Аблічча Стафана... Галіна дуба, працягнутая між зор... Салаўіны пошчак... І зноў Кастусь... І Майчына рука, што паказвае на зоры...Зямля... Зямля... Зямля...Аднойчы ў начы ўсё гэта лінула на яго з такой сілай, што ён закалаціўся ад жалю па страчаным часе і ад прагі дзейнасці.Ён не мог больш ляжаць вось так. Досыць! Мінула тры тыдні. Тры тыдні нібы выкінуты з жыцця.Была ноч. Ён паспрабаваў устаць, але не здолеў - праваліўся ў кароткі і моцны сон.... Была ўсё тая самая ноч. Але з цёмнай зямлі - вакол узнесенай у неба альтанкі і наколькі магло ахапіць вока - цягнуліся ўздзетыя ў маленні рукі. Яны цягнуліся бліжэй і бліжэй. І вышэй, нібы на кожную расціснутую далонь павінна была легчы свая, толькі ёй адной прызначаная зорка.Глухі гул далятаў адусюль, нібы нябачныя людзі наракалі і задыхаліся пад зямлёй.Рукі цягнуліся вышэй і вышэй. Крычала зямля.... Ён прачнуўся і ўбачыў край узыходзячага сонца. Сонца пералівалася і гуляла над шатамі дрэў.Але голас бязмежнага гора яшчэ ляцеў ад зямлі.І тады ён зрабіў намаганне і ўстаў. Устаў насустрач сонцу і, захінуўшыся ў прасціну, пайшоў з альтанкі.Спявалі птушкі. Ён ішоў, і крокі рабіліся мацнейшыя і мацнейшыя.