|
| |||
|
|
Кракаўскія нататкі. Частка другая. Горад “жывых фігур” і брэйк-данса Некалькі сувеніраў, цацачны дракон (сімвал горада), паштоўкі і каля дзьвух тысячаў фотаздымкаў – усё, што засталося ў мяне ад Кракава, у якім я правяла цэлы месяц свайго першага студэнцкага лета. Усё астатняе, што падарыў мне чароўны горад – у памаці і сэрцы. Тое, што Кракаў – самы прыгожы горад Польшчы і адзін з самых прыгожых і наведвальных гарадоў Эўропы, ведае кожны. Пра Вавэль, каралеўскую рэзідэнцыю, курган Касьцюшкі ды сотні велічных старажытных кляштараў можна прачытаць у любым даведніку для турыстаў. ![]() Я раскажу пра той Кракаў, якім яго ведаюць палякі, і якім ён становіцца для турыстаў пасяль некалькіх тыдняў знаёмства. Першыя дні мы правялі як абсалютная большасьць турыстаў: гулялі па горадзе, фатаграфавалі шматлікія выбітнасьці, хадзілі ў музэі… Адным словам, знаёміліся з Кракавам гістарычным. У цэнтры горада ні на хьвіліну не забываеш, што ты – ня дома, што ты – замежнік. ![]() ...Тут можна пачуць да дзесяці розных моваў за паўгадзіны! Ангельскую, італьянскую і нямецкую даводзілася чуць часьцей, чым польскую! Таксама часта сустракаліся французы, іспанцы, кітайцы, японцы… Расейцаў і беларусаў мы сустрэлі няшмат, але іх не пазнаць немагчыма. Як толькі хто-небудзь з братоў-славян чуе родную (тут расейская вельмі хутка становіцца роднай… на пэўны час…) мову, адразу кідаецца да “сваяка” са словамі: “Народ! Нашы!” Далей адбываецца знаёмства, якое плаўна пераходзіць ў “давайце пасядзім, піва папьем!” Мяне непрыемна зьдзівіла, што на ангельскай мове размаўляе далёка ня весь абслугоўваючы персанал горада. Таму мы мусілі тлумачыць прадаўцам марозіва, які смак мы хочам, па расейску, а часьцей проста паказвалі пальцам на тое, што хочам набыць… Калі мы прыехалі, было пад 40 стопняў гарачыні, таму марозіва нас здорава ратавала… Брукаванка плавіцца на гарачым сонцы, увесь час чуецца гук падковаў стомленых коняў, якія дапазна катаюць турыстаў у беласьнежных брычках. Міма праязджаюць тур-аўтобусы з налепкамі-сьцягамі розных краін (чырвона-зялёнага сярод іх няма...). ![]() ![]() Час ад часу трапляюцца “жывыя фігуры”, якія нерухома стаяць на гарачым сончы пакуль ты ня кінеш колькі грошай ці злотых ў скарбонку, якая стаіць тут жа. Сярод іх і рыцар, які адкрывае твар на хівіліну таму, хто “пазалаціў ручку” і хуценька хаваецца ад датошных фатографаў, якія здымаюць “на халяву”, і чалавек-пальма, які прытанцоўвае і ківае галавой, і жанчыны-кампаньёншы ў залатой вопратцы, якія пачынаюць весьці жвавы нямы дыялог… ![]() Мне больш за ўсіх спадабаўся белы пісар. Прычым ён быў ня проста апрануты ў белую вопратку, але і твар, і рукі былі пафарбаны ў адпаведны колер. Калі мы праходзілі міма, ён сядзеў у вельмі нязручнай позе, таму я вырашыла даць артысту магчымасьць нямнога паварушыцца і кінула злотый. Як толькі пісар пачуў гук падаючай манеты, ён адразу заквітнеў, напісаў колькі словаў ў сваім сшытку, пацалаваў мне руку, памахаў на разьвітаньне і зноў застыў… Праз некалькі дзён мы бачылі, як “фігура” сыходзіла на адпачынак. Чалавек вылез з тумбы, зьняў белую куртку, капялюш і, як быў, у шортах і зь белым тварам, пайшоў у кафэ насупраць. Напэўна, крыху адпачыць. А вечарам зноў у тумбу. Працаваць… ![]() У Кракаве існуюць сотні спосабаў заробку на жыцьцё (ці на вясельле): ад банальных сьпеваў пад гітару і музыцыраваньня на якіх заўгодна інструментах (флейце, баяне, акардэёне, дудзе, цымбалах, скрыпцы, барабанах, нават на бакалах з вадой!) да ня менш банальнага збору грошай “на бальнога дзяця” ці “на корм для сабакі”, які сядзіць тут жа, каля ног, і радасна віляе хвастом. Сустрэліся мы, праўда, і з цікавымі спосабамі: у самым цэнтры гораду сядзела некалькі падпітых падлеткаў (мяркуючы па зьнешнасьці, “металюгі”) з таблічкай: “Зьбіраем на піва”. Дзе такое ў Менску ўбачыш?.. ![]() ![]() Але самае цікавае і відовішчнае ўчынялася кожны дзень на Цэнтральнай плошчы акурат каля помніка славутаму паэту Адаму Міцкевічу: 15 хлапцоў-падлеткаў танчылі брэйк-данс. Як яны самі казалі, зьбіралі грошы на танцавальны клюб. Гэта былі ня проста танцы аматараў, гэта было шыкоўнае шоў з жывой музыкай і прафесійнымі танцорамі, якія паказалі некалькі добра падрыхтаваных праграм. Турысты грошаў не шкадавалі, а тыя, хто ня мог шмат даць, актыўна падтрымлівалі хлапцоў аплядысьментамі і громкім і раскацістым “у-у-у-у-у…” У канцы выступу хлопцы па-ангельску і па-польску дзякавалі гледачам, якіх зьбіралася шмат, і разьвітваліся да заўтра… ![]() Бамжы, як аказалася, ёсьць паўсюль – падалей ад цэнтру да нас час ад часу падыходзілі “стральнуць цыгарэтку” ці папрасіць на бутэльку. Слова “піва” разумеюць усе: і англічане, і беларусы. Нас вельмі ўразіла сістэма грамадскага транспарту. Адсутнасьць тралейбусай кампенсіруюць шматлікія конныя вупражы (кошт за паўгадзіны катаньня – 100 злотых). Нярэдка бачылі павозкі далёка ад цэнтру. Напэўна, багатыя замежнікі пасьля добрай гулянкі вырашылі праехацца да гатэля на такім экзатычным “транспарце”. ![]() Вуліцы ў Кракаве, як у любым горадзе сярэднявечнага тыпу, вельмі вузкія, таму машыны ездзяць прама па трамвайных рэйках, нярэдка за ці перад трамваем. ![]() Ня кожны замежнік адразу зарыентуецца, як адчыняюцца дзверы ў аўтобусах ды трамваях. Некалькі разоў мне даводзілася назіраць такую карціну: падыхоць да прыпынку аўтобус, дзьверы не адчыняюцца… Пасажыр чакае-чакае, пасьля пачынае грукаць кулакамі, крычаць, каб адчынілі дзьверы. Як вынік – аўтобус ад’язджае, а чалавек стаіць і ня можа зразумець, чаму яго не пусьцілі ў аўтобус. Усё вельмі проста: для таго, каб зайсьці, трэба націснуць на малапрыкметную кнопку... Кантралёраў ў транспарце няма, але “аблавы” праводзяцца рэгулярна. Вечарам (гадзін ў дзесяць-адзінаццаць) заходзяць некалькі непрыкметных мужчынаў, дастаюць з кішэні пасьведчаньне кантралёраў і пачынаюць праверку. Ніякіх словаў акрамя “калі ласка” і “дзякуй” ад іх я так і не пачула. Ніводнага “зайца” таксама не ўбачыла. Такое адчуваньне, што праверка білетаў у Кракаве – чыстая фармальнасьць… Ноччу Кракаў набывае другое жыцьцё. Жыцьцё рэстаранаў, клюбаў, пабаў, кабакоў… Тут можна знайсьці што заўгодна: ад кальян-бара з танцамі жывата да дыскатэкі зь дзіўнай назвай “Рукі-ногі”. У начнога горада таксама свае сакрэты і чароўны водар жыцьця “на поўную катушку”… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя… ![]() ![]() Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара
|
|||||||||||||||