|
| |||
|
|
Terminalia - ІІ Кожная рэлігія мае свой візуальны сымбаль. Хрысціянскі крыж, ісламскі паўмесяц, эгіпэцкі анх, даоскі тайцзы, будыйская дгармачакра і іншыя. Чаго так важна мець сымбаль? Гэта асабліва важна сёння: толькі свой сымбаль надае пэўнасці, калі навокал віхуры чужой сымболікі. Сымбаль - гэта шчыт, за якім надзейна і рэчы называюцца сваімі імёнамі. Рэлігія можа выкарыстоўваць шэраг сымбаляў, але вызначальны з іх - адзін. Нашая традыцыйная этнічная рэлігія (паганства, язычніцтва) відавочна мае з гэтым праблему. Больш за тое, гэтая праблема - у шэрагу іншых яе праблемаў ідэнтыфікацыі: праблемаў 1) са зместам, 2) з назвай, 3) з сымбалем. ... Першая з названых - найбольш шырокая. "Адэпты паганства" па праўдзе зусім ня ёсць адэптамі адзінай рэлігіі. Тут такая праблемная лесвіца: па-першае, багоў часта ня ведаюць увогуле (пашыранае самавызначэнне "язычніцтва як стан душы"), па-другое, калі ведаюць, дык ня тых (плюралізм "рэлігіязнаўчых" крыніцаў, змяшэнне пантэонаў), па-трэцяе, калі і тых, дык ня так (ставяцца як да знешніх аб'ектаў, з якімі можна паводзіцца як заманіцца - паляпваць па плячы альбо баяцца; не "аб-унутрываюць" багоў). Такіх, што ведаюць, і ведаюць тых, якіх трэба, і так, як трэба, - вобмаль, дый тыя ня злучаныя ў рэлігійную структуру. Цяжкасці паўстаюць з цвёрдым адказам ня толькі на пытанне "ў што ты верыш?", але і на пытанне "якой ты рэлігіі?". Гэта другая праблема: амаль поўная немагчымасць прад'яўлення навонкі, у грамадзтва, сваёй рэлігійнай пазыцыі (ідэнтыфікацыі). Варыянтаў тры. Самы пашыраны - "паганства"/"язычніцтва" - шыльды, якімі паноўная хрысціянская рэлігія перш назвала, а тады праз іх праінтэрпрэтавала тутэйшую дахрысціянскую спадчыну. Тады, "традыцыйная этнічная рэлігія" (варыянт: "дахрысціянскі культ") - са сфэрамі духу, веры, пераканання, адстойвання гэта звязана найменш, бо суха, штучна і апісальна. Існуе і іншы варыянт - "Друвіс" (ад прускага Druwis - "вера") - найбольш малады, самы аўтэнтычны (балцкае - па вызначэнні дахрысціянскае на гэтых землях) і пэрспэктыўны. Дагэтуль ужываецца слаба, у тым ліку таму, што не агучаныя моўныя формы, якімі гэтае слова казаць. Нарэшце, трэцяя праблема - праблема сымбалю. Пашыраныя сярод тых, хто "ня тых багоў ведае", тэрытарыяльна далёкія германскі М'ЁЛНІР ("молат Тора") і кельцкі ТРЫСКЕЛЬ (трохпрамянёвая свастыка) быць такімі ня могуць, бо тэрытарыяльна далёкія. Такімі быць ня могуць і папулярныя крыжовыя сымбалі: КЕЛЬЦКІ КРЫЖ (крыж у коле) і КРУКОВЫ КРЫЖ (загнуты крыж, свастыка). Апошнія два маюць надзвычай глыбокае архетыповае дачыненне да дахрысціянскай рэлігіі - пазначаючы (як і хоць які крыж) дзеянне бога Грымотніка, бога-Пераўтваральніка. Але: яны сацыяльна пераарыентаваныя палітычнымі нерэлігійнымі рухамі, улучаныя ў далёкія ад арыгінальных сэмантычныя комплексы - і перайначыць які з іх на вызначальны сымбаль тут і цяпер немагчыма. Галоўным чынам таму, што гэта будзе другаснае дастасаванне, не ва ўласнай волі ўгрунтаванае, але ў чужой - у волі людзей, якія наважыліся здзейсніць свой чын вымання сымбалю з цела цэлай сымбальнай прасторы. Найлепшы, вядома, знак гэта свастыка - але тады ўжо мусім яе выкручваць, памнажаць рыскі і элемэнты, засцерагаючыся ад хрэстаматыйнага Hakenkreuz'у, - паслабляем уздзеянне. Тады, зусім аўтэнтычны сымбаль - фібула. Нашэнне яе ўжо цяпер негалосна становіцца пазнакай дачынення да вельмі шырокага "пры-традыцыйнага" абсягу культурных зацікаўленасцяў асобы. Але загваздка такая, што абсяг занадта шырокі, і якія тут крытэры адной супольнасці - часта зусім незразумела. Фібула хутчэй "унутраны" знак, чым знак на азняшненне - і з прычыны сваёй структурнай складанасці, і з прычыны цьмянасці патлумачэння ("бо продкі насілі" падыходзіць, але не сюды). Да тэмы патлумачэння таксама: фібула па-наску не названая (адаптаваць літоўскае "сягá", роднаснае да нашага "сягаць"?). Традыцыйная ж арнамэнталёгія прапануе ня так многа сымбаляў апрача круковага крыжа. З архетыповых (ня складзеных з паўтораў, але сэмантычна цэльных) гэта фактычна два: ВУЖ і СПАРЫШ. Абодва яны маюць супольныя асаблівасці, што не дазваляюць высунуць які з іх на вызначальны знак: па-першае, гэта іх "нецэнтральнасць" (ня маюць цэнтруючай іх восі), а па-другое (што і спрычынілася да першага) - архетыпова яны пазначаюць ня дзеянне, не дынаміку, напрыклад, круковага крыжа, але тое, што папярэднічае дзеянню, рассеянасць схаваных патэнцыяў. Дзеянне з пераводу тых патэнцыяў са схаванага ў адкрыты стан (пазначанае круковым крыжом) - ключавы пункт архаічнай рытуалістыкі. У гэтай сытуацыі звяртае на сябе ўвагу знак, які часта можна пабачыць на нашых старажытных камянёх. З многіх формаў [за збор дзякуй Аляксею Глушко] паўстае адна архетыповая: вэртыкальная вось, што з папярочкай утварае крыж, пакрыты зверху паўакружнасцю (таксама, вэртыкаль знізу можа пачынацца з асновы ці крыжа). ![]() Знак пазначае сусветную вось, што злучае зямлю і неба: прарываецца з зямлі (адсюль крыж у аснове) і прастуе да неба, каб прарвацца і праз неба (крыж пад загнутым небам) - у тую прастору, дзе верх і ніз ня розняцца, дзе жывуць душы дзядоў. Гэты знак - самая простая і самая змястоўная выява чалавечай істоты: чалавек расце з зямлі, здолу ўгару, каб, калі ён вычарпае свае жыццёвыя патэнцыі (фізычныя і сацыяльныя), яго душа пайшла на нябёсы. Гэты знак адлюстроўвае і прасторавае (месца, з якога вось парастае), і часавае (паслядоўнасць ад падземнай мінуўшчыны да нябёснай будучыні) вымярэнні чалавечай істоты. Гэты знак увасабляе формулу "так багі рабілі напачатку": тое, што мусіць быць здзейснена, паўтарае тое, што было здзейснена; смерць паўтарае нараджэнне. [Дзеля падрабязнасцяў чытаць тэкста "Мэтафары вэртыкалі"] Галоўная адметнасць знаку: са сваёй сэмантыкі ён можа быць дастасаваны да чалавека ўвогуле, да чалавека як істоты - але ў прынцыпова традыцыйным успрыманні. У гэтым галоўная навіна - нібы зварот да "касмічнага" прызначэння чалавека, "прарыў да сэнсаў". Гэтым здымаюцца спэкуляцыйныя наслаенні пра чалавека аўтарства пазнейшых рэлігіяў, ад хрысціянства да будызму. Касмалягічна вызначальная назва гэтага знаку, колькі мне вядома, не зафіксаваная. Але яе можна ўзнавіць ускосна. Па-першае, маем ведыйскае sthambha, што пазначае сусветную вось. Па-другое, адна з варыяцыяў знаку выбітая на знакамітым Сцёп-камяні на вытоках Вяллі і Бярэзіны (вядомая згадка і пра камень з надпісам "СТПЪ" на вытоках Дзвіны і Дняпра). Таму за назву можна было б прапанаваць СТОЎП (так, а не, напрыклад, "сцёп", - бо слова мае быць сэмантычна празрыстым, зразумелым). Усе гэтыя словы пазначаюць тое, што СТАІЦЬ. Тады, чаму трэба арупіцца сымбалем, а не, напрыклад, распрацоўваць змест рэлігіі? Распрацоўваць таксама, а сымбаль - дзеля гуртавання, дзеля пазначэння адзін аднаго, дзеля стварэння адзінай прасторы, пазначанай адным знакам. Можна думаць, і распрацаванне зместу тады мае пайсці інтэнсіўней. СТОЎП СТАІЦЬ Выкладзеныя пытанні - свядома дыскусійныя. Падтрымка самога фармулявання гэтых праблемаў (а не абавязкова прапанаваных тут інтэрпрэтацыяў іх), падтрымка думання ў гэтым кірунку - дастатковая прычына для змяшчэння спасылкі на гэтую старонку ў вашых жж. Даволі прадметнае абмеркаванне глядзець тут
|
|||||||||||||||