Ілюструем Максіма Багдановіча 
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.