Грымяць мнагаспеўнасцю гукаў супольных. Як гімн перамогі, вясной ручаі, I мары аб сонцы струменяць гаі, I тоіцца мудрасць у далечах вольных. Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных Што лучаць бязмежным блакітам краі, Як родных яшчэ не сабранай сям'і, Каб дружба гучала у песнях застольных. I хто засумуе па новай радзіме? Ці прыйдзе вялікі той час і калі? I як яго людскасць раскутая ўспрыме? Праслаўлена будзе цудоўнае імя Таго, хто рассуне граніцы зямлі I мудрасцю праўды краіны абніме. | Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам, I Млечнага Шляху ляжаць абрусы Таемным акордам спрадвечнай красы, Як водгулле змоўкшай даўно завірухі. У калавароце няспыннага руху, У сонцавым ззянні, у бляску расы — Усюды разліты жыцця галасы, I многа ў іх сэнсу для чуткага слуху. Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы, Мяняюцца ходы прыліваў і рэк, I ў часах губляецца голас прарочы, Адзначан для кожнай істоты свой век. Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць А разам з ім — вечны юнак-чалавек. | Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты Якія разлогі навокал, зірні! Усходняе сонца запаліць агні, Рассее праменні, як сейбіт зярняты. Сустрэнецца вецер з табою крылаты, I гром табе голас падасць з вышыні, Пачуеш ты скаргі і сум цішыні, Ты праўду пазнаеш у мроку зацятым. Вітай жа дарогі і новыя далі, I вечнага руху святыя скрыжалі, I юнасць людскую, і мудрае слова, I ясную радасць дабра, перамог, I гэты шырокі, чароўны разлог, Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова. |