Цiкавы лiст у газэце "Беларус"
Let's be productive!
Зь цікавасьцю чытаю артыкулы Зянона Пазьняка. Ягоная катэгарычная перакананасьць заўсёды правакуе рэакцыю. Але апошні артыкул "Адключэньне ад разеткі" здаўся мне найбольш цікавым і вартым рэакцыі пісьмовай, бо базаваўся ня толькі на перакананьнях, але і на рэальных падзеях, сьведкам якіх я таксама быў - адключэньні электрычнасьці ў штатах усходняга ўзьбярэжжа Амэрыкі. Зянон Пазьняк піша ў сваім артыкуле, што "адключэньне краіны ад электраэнэргіі на два-тры тыдні можа поўнасьцю разбурыць яе". І ўсё гэта з-за "высокай тэхналягічнасьці амэрыканскай жыцьцёвай сыстэмы й абсалютовай непрыстасаванасьці да іншых жыцьцёвых варункаў". А прычыну гэтаму аўтар бачыць у рэгрэсе духу заходняга грамадзтва. Думка ня новая, але ці прадукцыйная? Амэрыканскае штодзённае жыцьцё будуецца на фундамэнтальным уменьні лавіць рыбу і свабодзе вынаходніцтва, як гэта рабіць лягчэй і хутчэй. Ад панядзелку да пятніцы амэрыканец закідвае нерат і дастае столькі рыбы, што хапае на яду і ў запас, а ў выходныя забаўляецца ці адпачывае. Калі-б нават рыба прапала, дык досьвед і свабода пошуку застаюцца. І ён ідзе шукаць новае возера. У гэтай-жа сытуацыі беларус, замест пошукаў ежы, будзе разважаць, куды-ж дзелася рыба, і ўздыхаць па ранейшых часох. Пакуль беларус будзе чухаць патыліцу і штодня вяртацца да старой сажалкі, амэрыканец ужо будзе вудзіць у іншым месцы і, з часам, нойме беларуса ў памочнікі. Беларус, вядома, будзе добрым памочнікам, радым, што "улада" нарэшце вярнулася і гарантуе трошкі рыбы з новага месца. Амэрыканскі мэнталітэт будуецца ў каардынатах "праблема-рашэньне". Беларускі-ж працуе болей у сыстэме "праблема-разважаньне". Але незадаволенасьць сытуацыяй у бальшыні не перарастае ў дзеяньне па яе вырашэньні. Вяртаючыся да прыкладу Зянона Пазьняка з электрычнасьцю, амэрыканцамі праблема была вырашаная за 2 дні. Адключы электрычнасьць у Беларусі, і праз два дні людзі звыкнуцца спаць у швэдрах і жыць пры сьвечках. Якраз гэта і ёсьць няўменьне выжываць у грамадзкіх катастрофах. Цяпер што да разваг пра заходняе грамадзтва. Ставіць дыягназ пра сур'ёзную хваробу рэгрэсу духу мацаючы рукой лоб можна, але рызыкоўна і малапэўна. Нават, калі ўявіць, што пацыент сур'ёзна хворы (з чым я ня згодны), дык гэткая выснова мала карэлюецца з шанцамі на выжываньне. Заходняе грамадзтва, нягледзячы на аднолькавую хрысьціянскую спадчыну, зусім не такое аднароднае, як бачыцца з усходу. Залежнасьць эўрапэйцаў ад сацыяльных дзяржаўных ільготаў робіць іх слабейшымі ў выжываньні параўнальна з амэрыканцамі, якія больш спадзяюцца ня столькі на дапамогу звонку, колькі на сілы свайго ўласнага арганізму. Прыстасаванасьць да жыцьцёвых варункаў вымяраецца ня ўменьнем спаць у холадзе і разважаць пра былое жыцьцё, а ўменьнем вырашаць праблемы холаду. Так званая "сьляпая вера амэрыканцаў у моц, справядлівасьць і найлепшасьць Амэрыкі", - зусім не сьляпая вера, а выснова, базаваная на мэтафізычных фактах і свабодзе правяраць гэтыя факты/высновы сумненьнямі й альтэрнатыўнымі рашэньнямі. Калі Зянон Пазьняк ці хто іншы можа і хоча аспрэчыць гэтыя высновы й прапанаваць іншыя, дык можа ласкава гэта зрабіць і шукаць падтрымкі сваёй рацыі. Дарэчы, спасылка пра веру амэрыканцаў у найлепшасьць Амэрыкі - хутчэй прыдумка аўтара. Прынамсі, я ад амэрыканцаў такога ніколі ня чуў. Наадварот, я бачу, што амэрыканцы шануюць тое лепшае, што ёсьць ня толькі ў іх, але і ў іншых. Адсюль любоў да французскай кухні, нямецкай трываласьці, кітайскай працаздольнасьці й ангельскай пунктуальнасьці. Крыўдна, што Беларусь не сьпяшаецца выйсьці са сваёй анэмічнай млявасьці й вырашыць свае праблемы. Але крытыкай Захаду ці Амэрыкі гэтаму не паможаш. Найлепш крытыкаваць сябе і павучыцца ў амэрыканцаў, як гэта рабіць прадукцыйна. Зрэшты, і сп. Пазьняк бачыць у Амэрыцы добрыя прыклады вартыя перайманьня. Вось гэта - прадукцыйна!
Дамінік ВОЛАХ