Музыка: | Voivod - The Outer Limits |
Дзень Волi
Беларусам шанцуе. Бо, як кажуць, БНР ёсьць старэйшым на плянэце ўрадам у выгнаньнi. Хутка ў кнiгу рэкордаў Гiнэса трапiм.
Беларусам катастрафiчна не шанцуе. Бо нашае сьвята - Дзень Волi - як i 20 гадоў таму, пры камунiстах, сьвятам не зьяўляецца.
Дагэтуль кiраўнiк краiны не размаўляе на беларускай мове. Дагэтуль гiмнам краiны ёсьць халуйская песенька "Мы беларусы, з братняю Русьсю..." Дагэтуль гэрбам краiны ёсьць сэрпаста-малаткасты камунiстычных часоў малюнак, якi жартаўнiкi ахрысьцiлi "закатам над балотам". Дагэтуль тыя, хто падтрымлiвае йдэю незалежнае, самастойнае Беларусi - у меншасьцi. Калi яны ведаюць шлях да лепшага жыцьця, дык ня могуць данесьцi яго да народа. А хутчэй за ўсё й яны ня ведаюць.
Памятаеце пачатак 90х? Калi здавалася, што ўсё атрымаецца. Калi над Домам Ураду лунаў наш бел-чырвона-белы сьцяг. Калi было нашмат лягчэй дыхаць паветрам. I здавалася, што нiкуды ехаць ня прыйдзецца, будзе жыцьцё на роднай зямлi. Калi, як кажуць, ужо йшлi перамовы пра афiцыйную перадачу палнамоцтваў ад БНР да тагачаснага кiраўнiцтва краiны. Калi 25 сакавiка сапраўды было сьвяточным Днём Волi? Куды гэта сканала? Чаму мы гэта згубiлi? Чаму з дня нараджэньня незалежнае Беларусi 25 сакавiка ператварылася ў памiнальны дзень? Не Дзень Волi, а Дзень Памiнкаў Волi-Нябожчыцы?
Але ўсё-ж такi мы ня ўсё яшчэ страцiлi. Ёсьць мы, ёсьць мова. Прыйдзе той час... А пакуль - болей як мантра для самагiпнозу, чым на самой справе:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!