#24 ANDREW LLOYD WEBBER "The Likes Of Us" (2005)

« previous entry | next entry »
Feb. 3rd, 2012 | 03:33 am

167.74 КБ

***




Tracklist:
1. Introduction
2. Overture
3. Twice In Love Every Day
4. I'm A Very Busy Man
5. Love is Here
6. Strange and Lovely Song
7. The Likes of Us
8. How Am I To Know
9. We'll Get Him
10. This Is My Time
11. Lion-Hearted Land
12. We'll Get Him (Reprise)
13. Love is Here (Reprise)
14. A Man on His Own

1. Entr'acte
2. You Can Never Make It Alone
3. Hold A March
4. Will This Last Forever?
5. You Won't Care About Him Anymore
6. Going, Going, Gone!
7. Man of the World
8. Have Another Cup of Tea
9. Strange and Lovely Song (Reprise)
10. The Likes of Us (Reprise)


Ідэйны крызіс, што пераследуе славутага брытанскага кампазітара ад канца 70-х, звязаны, відавочна, не з пірацкім распаўсюдам аўдыёзапісаў (пазіцыя самога мэтра), а з распадам творчага дуэта «Эндру Лойд Вэбэр—Цім Райс». Зразумела, што музычна ўзбагаціць такі кансерватыўны жанр як мюзікл не ўяўлялася магчымым не толькі на момант пачатку кар’еры музыкі, але і задоўга да ягонага нараджэння, і творчая біяграфія Лойда Вэбэра — яскравае таму пацверджанне. А той факт, што з музычным тэатрам ён марыў звязаць свой лёс ад самага дзяцінства, сам па сабе з'яўляецца вычарпальнай характарыстыкай аўтарскай творчай псіхалогіі. Страціўшы повязь са сваім геніяльным кампаньёнам-лібрэтыстам — смелым правакатарам, здольным мінімальнымі сродкамі, лёгкай карэкцыяй дэталяў пераўтварыць заезджаны сюжэт у велічную містэрыю, — Лойд Вэбэр у далейшым, па вялікім рахунку, практыкаваўся ў фармалізме. «Cats» (1981) — бессюжэтная малаўцямная пастаноўка з выдатнымі харэаграфіяй, дэкарацыямі і касцюмамі, але яе музычная вартасць абмяжоўваецца баладай «Memory». Дзіцячы (але, як водзіцца, з дарослымі намёкамі) мюзікл «Starlight Express» (1984) дагэтуль трымаецца на плыву толькі дзякуючы манументальным дэкарацыям і тэхнічнай складанасці пастаноўкі на мяжы магчымасцяў тэатра як формы мастацтва, што дадае прэстыжу пляцоўкам, якія наважваюцца распачаць рэпетыцыі і, у прыватнасці, паставіць усіх да адзінага актораў на ролікавыя канькі (у нямецкім горадзе Бохум пад гэты спектакль адмыслова пабудавалі асобны будынак — тэатр «Starlighthalle»). У музычным жа плане — гэта проста стылізацыя пад розныя накірункі поп-музыкі, нецікавы набор штампаў ад эпохі рок-н-рола да хард-року і новай хвалі. Усім вядомая аднайменная арыя з мюзікла «The Phantom Of The Opera» (1986) і яшчэ пара нумароў адтуль — адзінае, што дазваляе гледачам пратрымацца да фінальнай заслоны, не заснуўшы пад бясконцае бубненне Прывіда «my angel of music, my angel of music…». Сіквел гэтай п’есы «Love Never Dies» (2010) з падобнага бубнення складаецца наогул амаль цалкам. Нягеглая спроба пазбыцца славы зашоранага кансерватара, мараліста і апантанага змагара за сямейныя каштоўнасці, што прычапілася да яго падчас працы над мюзіклам «Evita» (1976), вылілася ў гімн сямейнай здрадзе і вольнаму каханню «Aspects Of Love» (1989). Лібрэта гэтай пастаноўкі здольнае выклікаць супярэчлівыя пачуці нават у падрыхтаванага гледача. Нягледзячы на музычную вартасць, праблематыка спектаклю «Sunset Boulevard» (1993), рэмэйка аднайменнага фільму 1950 года, на фоне ранніх твораў маэстра выглядае папросту ўбога. Балюча ўсведамляць, што кампазітар, далучны да мастацкага ўвасаблення містэрый узвышэння Эвы Перон («Evita») і ўкрыжавання Ісуса Хрыста («Jesus Christ Superstar» (1970)), разменьвае талент на драматычнае апісанне валтузні старэючай маразматычкі-актрысы і маладога альфонса вакол антыкварнага аўтамабіля. Другое прышэсце Хрыста, што праўда, ледзь не здарылася ў правальным тэатральным рэмэйку аднайменнага фільма 1969 года «Whistle Down The Wind» (1998), але той, хто выдаваў сябе за Збаўцу аказаўся ўсяго толькі беглым злачынцам. IRAsploitation «The Beautiful Game» (2000) і адну з апошніх пастановак мэтра «Woman In White» (2004) па праслухоўванні немагчыма ўзнавіць у памяці.

Не дзіўна, што пры такім раскладзе кампазітар у выніку прыняў рашэнне залезці ў самую дальнюю шуфляду і дастаць на свет Божы чарнавыя партытуры саракагадовай даўніны. Накід мюзікла «The Likes Of Us», вынік першага досведу супрацы 17-гадовага Эндру Лойда Вэбэра з 21-гадовым паэтам Цімам Райсам, што падаўся ім у тыя часы няўдалым, усё ж меў прыкметы жыццяздольнасці. Сустрэўшыся зноў, каб давесці да ладу старыя тэксты і яшчэ больш старыя мелодыі (некаторыя былі напісаныя Лойдам Вэбэрам у 12-гадовым узросце), барон-кампазітар і рыцар-паэт хаця і не паўтарылі поспех «Jesus Christ Superstar», але зрабілі нешта адназначна цікавейшае і больш жывое за ўсё створанае з удзелам кампазітара ад канца 80-х. У 1965 годзе Цім Райс яшчэ не наважваўся пускацца ў постмадэрновыя скокі з такімі тытанічнымі фігурамі, як Ісус Хрыстос, Іосіф Прыгожы («Joseph And The Amazing Technicolor Dreamcoat» (1969)) ці Эва Перон, таму спыніўся на на асобе Томаса Джонса Барнарда, легендарным брытанскім філантропе, заснавальніку буйной сеткі дзіцячых прытулкаў у другой палове XIX стагоддзя («The National Association for the reclamation of Destitute Waif Children»). Правакацыйнасць, адзін з найважнейшых складнікаў фірмовага почырку лібрэтыста, забяспечваецца пакуль што не «антысемітызмам» і «блюзнерствам», а бязвіннымі штрыхамі, напрыклад, наяўнасцю ў п'есе, пра дзетак такога персанажу з ліку асноўных як самая натуральная прастытутка (зрэшты, ці палічылі б гэта правакацыяй у 1965 годзе — асобнае пытанне). Што да музыкі, то аб ейнай вартасці хай будзе сведчыць тое, што за 40 гадоў яна не заляжалася — некаторыя кампазіцыі Лойд Вэбэр выкарыстаў у поўнаправальным спектаклі паводле твораў Пэлема Грэнвіла Вудхаўза «Jeeves» (1975), на інструментальным альбоме «Variations» (1978), і ў мюзікле «The Beautiful Game».

Вашай увазе прапанаванае афіцыйнае выданне (легенды даносяць звесткі яшчэ пра нейкую дэмку 1965 года) — жывы запіс, зроблены 9 ліпеня 2005 года падчас прэм'еры мюзікла на Сідмантанскім фестывалі, які Эндру Лойд Вэбэр традыцыйна ладзіць у адмыслова перабудаванай каплічцы XVI стагоддзя на тэрыторыі свайго маёнтка. Цім Райс выконвае ролю Аўкцыёншчыка, а ролю вядучага, што ўвесь час пасмейваецца са шматлікіх сюжэтных несупадзенняў і агульнай недапечанасці «першага бліна» творчага тандэму — вядомы актор і літаратар Стывен Фрай.

Link | Leave a comment | Add to Memories


Comments {0}