Змены ў беларускiм правапiсе ўпершыню абмяркуюць адкрыта
http://naviny.by/rubrics/society/2007/09/10/ic_articles_116_152732/
Праект закона «Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi» мусяць разгледзiць на восеньскай сесii Палаты прадстаўнiкоў. Аднак са зменамi ў правапiсе згодны далёка не ўсе. Менавiта з гэтай нагоды Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны вырашыла правесцi круглы стол.
«Мы не супраць зменаў, i не за iх. Мы хочам разам абмеркаваць гэты праект у адкрытую, — адзначыў намеснiк старышынi ТБМ Сяргей Кручкоў. — Нам незразумела, чаму ўсё робiцца ўцiхую i так хутка. Калi мяняюцца правiла дарожнага руху, гэта шырока абмяркоўваецца ў прэсе, а тут праект з'явiўся толькi на некалькiх сайтах. 99 працэнтаў настаўнiкаў незнаёмы з новым праектам».
На круглы стол мусяць запрасiць каля 30 чалавек, сярод якiх мовазнаўцы, сацыёлагi, дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, настаўнiкi i журналiсты. Вiктар Іўчанкаў, адзiн з аўтараў праекта змены правапiсу, адзначыў: «Я з задавальненнем прыму ўдзел».
На думку многiх навукоўцаў, беларускiя арфаграфiя i пунктуацыя прагне зменаў, бо цяперашнi правапiс быў прыняты яшчэ ў 1959 годзе. У 2005 годзе група мовазнаўцаў выдала «Беларускi клясычны правапiс», якi стаўся спробай рэфармавання тарашкевiцы. Аднак ён застаўся без увагi дзяржавы. Праект зменаў, якi збяруцца абмяркоўваць за круглым сталом навукоўцы, упершыню будзе ў выглядзе закона, а, значыць, астатнiя правапiсы («тарашкевiца», «клясычны правапiс», «наркамаўка») будуць незаконнымi.
«Нават рэформа 1933 года такога не прадугледжвала, а зараз жа можа скласцiся так, што за ўжыванне неафiцыйнага правапiса чалавек панясе адмiнiстрацыйную адказнасць», — кажа Сяргей Кручкоў.
Круглы стол мае адбыцца а 15-й гадзiне 28 верасня на офiсе ТБМ (Румянцава, 13).
Наталля ІСАЕВІЧ